Хроніка прыхаванай рэальнасці. Суды, зняволенні, вызваленні

Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, мэдыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго.

Дзяніс Івашын

15 жніўня Гродненскі абласны суд пачаў разглядаць крымінальную справу на журналіста, прызнаванага праваабарончай супольнасцю палітвязнем. Працэс праходзіць у закрытым рэжыме.

Дзяніс Івашын утрымліваецца за кратамі 521 дзень. Супрацоўнікі КДБ затрымалі яго 12 сакавіка 2021.

Паводле праваабаронцаў, спачатку журналіста зрабілі падазраваным у справе “умяшання ў дзейнасць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў”. Пазней яму выставілі абвінавачванне яшчэ і за «здраду дзяржаве». КДБ вінаваціць Івашына ў супрацоўніцтве з украінскай выведкай.

Аляксандр Кухарэнка

Асуджаны на 10 дзён адміністрацыйнага арышту.

Паводле праваабаронцаў, нагодаю для пераследу архітэктара і музыкі стаў рэпост спасылкі на відэа пра Рамана Бандарэнку, загінулага быўшы затрыманым у Мінску на плошчы Пераменаў.

Аляксандра Кухарэнку забралі 2 жніўня ў Мінску. Сваю віну прызнаў. Ён патлумачыў, што размясціў спасылку на відэа да таго, як канал, дзе яна з’явілася, прызналі экстрэмісцкім.

Мікіта Палеонка

Асуджаны на 4 гадоў калоніі агульнага рэжыму.

Прызнанаму праваабарончай супольнасцю палітвязнем інкрымінавалі «абразу Лукашэнкі», «абразу прадстаўнікоў улады», «стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у іх», «распальванне іншай сацыяльнай варожасці».

Праваабаронцы пішуць, што паводле абвінавачвання, 28-гадовы жыхар Віцебска, «зʼяўляючыся актыўным падпісчыкам экстрэмісцкіх Telegram-каналаў, заклікаў да гвалту, абражаў міліцыянтаў і “прэзідэнта”».

Дзяніс Ландычанка

Затрыманы.

Пра тое праваабаронцам стала вядома з праўладных крыніц. Паводле іх 23-гадовы хлопец быў падпісаны на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы і рабіў з іх рэпосты.

Яўген Грыцок

Затрыманы.

Пра тое праваабаронцы дазналіся з праўладных тэлеграм-каналаў. Паводле іх, 24-гадовы хлопец, «наслухаўшыся дэструктыўнага земляка», прыняў удзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту ў Мінску ў 2020 годзе – а менавіта, стаяў у «счэпцы».