У Бабруйску гаспадары прынізілі быхаўскіх футбалістаў, а глуская “Пціч” дома прайграла круглянскай “Зары”.
Футбольны клуб «Тарпеда» Бабруйск вельмі паспяхова адкрыў дамашнюю праграму для сваіх балельшчыкаў у першым туры чэмпіянату Беларусі ў другой лізе. Паўтысячы заўзятараў на бабруйскім стадыёне імя Аляксандра Пракапенкі на працягу матча ўбачылі ажно 19 мячоў. Прычым 18 галоў было забіта ў браму быхаўскай каманды, якая нічога не змагла супрацьпаставіць зматываваным гульцам бабруйскага клуба.
Ужо у першым тайме бабруйчане забілі сем мячоў быхаўскім футбалістам. У другім тайме сітуацыя для апошніх лепш не стала, бо пасля перапынку тарпедаўцы накалацілі 11 мячоў быхаўскай камандзе, якая змагла адказаць грозным супернікам толькі адным галом.
Менш відовішчным атрымаўся матч у Глуску паміж мясцовым клубам “Пціч” і гасцямі – круглянскім клубам “Зара”. Абедзьве каманды паказвалі адносна роўны футбол, а прысутныя гледачы маглі назіраць упартую барацьбу.
Хоць глускія футбалісты стараліся парадаваць сваіх заўзятараў хаця б адным забітым мячом, але рэалізаваць небяспечныя моманты каля брамы суперніка змаглі толькі гульцы “Зары”. Прычым зрабілі гэта двойчы, а вось футбалісты “Пцічы” так і не забілі сваім візаві. Свісток суддзі засведчыў сканчэнне матча на карысць гасцей 0-2.
Фота: bobr.by і glusk.by