Рэдкае фота часоў нямецкай акупацыі Крычава было выяўлена краязнаўцамі, а потым яны таксама знайшлі ніжнюю частку нямецкай бочкі 1941 года вядомай кампаніі SULO, што спецыялізуецца на баках для смецця.
Аматарамі гісторыі быў знойдзены нямецкі здымак (з прыватнай калекцыі) часоў акупацыі Крычава войскамі Трэцяга Рэйха.
На фота бачна, як нямецкія жаўнеры разгружаюць бочкі з палівам ў раёне чыгуначнага вакзала Крычава.
Адметна, што краязнаўчыя росшукі прывялі яшчэ да адной цікавай знаходкі – той самай нямецкай бочкі, у якой захоўвалася і перавозілася паліва. Яна знойдзена на адным з падворкаў у старой частцы Крычава, дзе ніжняя частка адрэзанай бочкі выкарыстоўваецца ў якасці ёмістасці для вады.
На дне бочкі можна ўбачыць выціснутыя словы.
Sulo 1941
KRAFTSTOFF
200L
FEUERGEFÄHRLICH
HFFR
“Kraftstoff 200 L feuergefählich” абазначае “паліва 200 літраў пажаранебяспечна”, а самая ніжняя абрэвіятура HFFR – Halogen Free Fire Retardant (безгалагенны вогнеахоўны склад) – паведамляе інстаграм-старонка “Невядомы Крычаў”.
Прычым назва “SULO”, што выціснута на дне бочкі – гэта сусветна вядомая нямецкая кампанія, якая займаецца выпускам бакаў для смецця. Гэтая кампанія была заснавана яшчэ ў 1890 годзе і пачынала з вытворчасці металічных бакаў для смецця.
Па меркаванню аўтараў інстаграм-праекта “Невядомы Крычаў”, падчас Другой сусветнай вайны дзейнасць прадпрыемства была перанакіравана на ваенныя рэйкі і кампанія стала выпускаць металічныя бочкі для паліва на патрэбы арміі Трэцяга Рэйха.