У Зімбабвэ жыхары на закупы пойдуць з золатам

У гэтай афрыканскай краіне вялізная інфляцыя. Гадавы яе памер сягае 192 працэнтаў. Улады наважыліся ўвесьці ў абарачэнне залатыя манеты.

Паводле рэсурсу Myfin, Цэнтрабанк краіны пачне прадаваць манеты з 25 ліпеня. Кожная будзе ўтрымліваць унцыю золата (31,1 грама).

Манеты стануць сродкам ашчаджання, то бок ліквідным актывам, які захоўваецца працяглы час без страты сваёй пакупной здольнасці да наступнага абмену на тавары, паслугі або іншыя актывы.

Паўднёваафрыканскай краінай Зімбабвэ 30 гадоў кіраваў Роберт Мугабэ, які здабыў сабе рэпутацыю дыктатара.

У 1980 годзе, калі краіна стала незалежнай, ён стаў прэм’ер-міністрам, а потым і прэзыдэнтам. Мугабэ абяцаў дэмакратыю і прымірэнне, а яго праўленне абярнулася вялізнай карупцыяй і эканамічнай катастрофай.

У лістападзе 2017 года ў выніку вайсковага перавароту Мугабэ адхілілі ад улады і арыштавалі. Пад ціскам войска ён быў змушаны падаць у адстаўку.

фота: plusworld.ru

У Чэрыкаве траіх кіраўнікоў падазраюць у карупцыі

Усе яны падпісалі акт выкананых работ на невыканання работы.

Кіраўнік будаўнічай арганізацыі, атрымаўшы замову па капітальным рамонце жыллёвага фонду, склаў справаздачу за працы, частка з якіх не была зроблена.

Гэтую справаздачу падпісалі, следам за ім, кіраўнік арганізацыі, якая павінна забяспечваць кантроль за якасцю работ, а таксама кіраўнік арганізацыі-заказчыка, паведамляе «Вестник Чериковщины».

Канкрэтныя імёны і арганізацыі не названыя. Распачатай крымінальнай справай займаецца Чэрыкаўскі раённы аддзел Следчага камітэту.

Будаўнічая арганізацыя, што павінна была ажыццяўляць рамонт жылога фонду ў Чэрыкаве, атрымала 31 455 рублёў бюджэтных сродкаў, і 9 865 рублёў з ліку грошай, што адлічваюцца на капітальны рамонт насельніцтвам.