На Магілёўшчыне кіроўца «засеяў» 26 тонамі зерня дарогу

Гэта другі вядомы інцыдэнт у рэгіёне, звязаны з памылкамі пры транспартаванні збожжа. Трыма днямі раней у Кіраўскім раёне 4 тоны зерня рассыпаліся на двух кіламетрах дарогі з незачыненага кузава.

У Чавускім раёне 26 тон збожжа высыпаліся на праязную частку дарогі з перакуленай машыны. Кіроўца не пацярпеў. На яго склалі два адміністрацыйныя пратаколы.

Інцыдэнт здарыўся ў вёсцы Хількавічы. За рулём МАЗа з паўпрычэпам быў 29-гадовы жыхар гарадскога пасёлка Краснаполле. Рухаючыся пад гару, кіроўца праявіў няўважлівасць, грузавік перакуліўся, піша БелТА.

З апублікаванага фота бачна, што інцыдэнт адбыўся ў цёмную пару содняў.

Здарэнне ў Кіраўскім раёне абышлося без пакарання кіроўцы. Інспектар ДАІ папярэдзіў яго, каб той больш падобнага не ўчыняў. Да дзясятай гадзіны раніцы работнікі сельгаспрадпрыемства прыбіралі збожжа з дарогі, паведамляў Магілёў.media.

 

На Магілёўшчыне 2 кіламетры дарогі засыпалі 4 тонамі зерня

Яно высыпалася на праезную частку з незачыненага, як мае быць, кузава аўтамабіля. Да 10 гадзінаў раніцы работнікі сельгаспрадпрыемства прыбіралі збожжа з дарогі.

Здарылася гэта ў Кіраўскім раёне.

«На дарозе аказалася больш за 4 тоны збожжа, якое рассыпалася прыкладна на 2 – 2,5 кіламетры», паведамляе абласная міліцыя.

Паводле рэсурсу MOGILEVNEWS інспектар ДАІ папярэдзіў кіроўцу, каб той больш падобнага не ўчыняў. У выпадку паўтарэння такога парушэння яму пагражае штраф да 4 базавых велічыняў (128 рублёў).

фота ілюстрацыйнае з адкрытых у інтэрнэце крыніцаў

 

У Кіраўскіх лясах выратавалі двух пенсіянерак. Яшчэ трох чалавек так і не знайшлі

Усяго на Магілёўшчыне з пачатку года заблукалі ў лесе 40 чалавек, у тым ліку 10 дзяцей.

Аперацыя па пошуку трох заблуканых праходзіла ў ваколіцах вёскі Скачек Кіраўскага раёну. Дзве жанчыны 1961 і 1969 гадоў нараджэння перасталі арыентавацца ў лясным масіве і патэлефанавалі ў экстранную службу.

Наяўнасць тэлефона і выратавала пенсіянерак. Супрацоўнікі Міністэрства надзвычайных сітуацыяў пастаянна знаходзіліся з імі на сувязі. На месца здарэння выехалі два экіпажы ратавальнікаў, якія бесперапынна падавалі гукавыя сігналы. У выніку яны выйшлі на жанчын, апавядае прэс-служба МНС.

Раней Магілёў.media паведамляў сумную заканамернасць – часам пашукавікі знаходзяць не саміх людзей, а ўжо толькі іх парэшткі, і часам гэта адбываецца праз некалькі гадоў.

На Магілёўшчыне не знойдзеныя тры чалавекі. Іх пошукі вядуць у Быхаўскім, Клічаўскім і Касцюковіцкім раёнах.