Дзяўчына помсціла сваім былым – адзін мужчына загінуў, атруціўшыся “прызам” з Інстаграма

Незвычайная гісторыя помсты здарылася ва Украіне, на Кіеўшчыне. Тут 35-гадовая дзяўчына вырашыла адпомсціць двум сваім былым палюбоўнікам, якіх палічыла вінаватымі ў сваім нешчаслівым жыцці. Ад першага з іх яна зацяжарыла 20 гадоў таму. Тады дзяўчына зрабіла аборт, каб вучыцца ва ўніверсітэце, хоць хлопец адгаворваў яе ад гэтага. Пара разышлася, але крыўда на мужчыну ў дзяўчыны засталася.

Яна купіла алкаголь, віскі і ром, стварыла фальшывую старонку магазіна ў Інстаграме, зрабіла там розыгрыш і адзначыла гэтага хлопца і яшчэ аднаго былога ў каментарыях як удзельнікаў. Затым напісала ім у дырэкт, нібыта яны перамаглі і папрасіла паштовы адрас. У віскі яна падмяшала талій і адправіла па пошце. Пасля таго, як першы з мужчын выпіў алкаголь, у яго пачалі выпадаць валасы, рэзка пагоршыўся стан. Затым былі шпіталізацыя, кома і смерць.

Акрамя загінулага 38-гадовага мужчыны, “выйгрыш” алкаголю ў Інстаграме атрымаў яшчэ адзін яе былы. Але ром адкрыла яго жонка і разам з сяброўкамі трапіла ў рэанімацыю. Ва ўсіх выпалі валасы. 

Цяпер дзяўчыне пагражае ад 15 гадоў да пажыццёвага зняволення – піша Unian.

Фота з адкрытых крыніц.

Facebook забаніў вядомага магілёўскага фатографа Аляксандра Ліціна: змагацца бессэнсоўна

Аляксандр Ліцін – адзін з самых вядомых і аўтарытэтных фатографаў Магілёўскай вобласці і ўсёй краіны. Дзясяткі выстаў у Беларусі і іншых краінах, дыпломы і прызнанне сярод майстроў і аматараў мастацкай фатаграфіі. 

Два дзесяцігоддзя свайго жыцця Аляксандр Ліцін прысвяціў вывучэнню гісторыі яўрэйскай супольнасці ў Магілёве. Дзякуючы яму і яго паплечнікам яўрэйская грамада горада здолела падарыць Магілёву 4 тамы сваёй гісторыі. 

Вядомы Аляксандр і сваім удзелам у грамадскім жыцці горада і вобласці. Уваходзячы ў шматлікія арганізацыйныя камітэты розных культурніцкіх імпрэз ён заўжды ўмеў знаходзіць агульную мову з самымі рознымі людзьмі. Усе, хто ведае спадара Ліціна, адзначаюць яго тактоўны, памяркоўны, ураўнаважаны ў адзнаках, талерантны характар. 

Тым больш нечаканымі сталі паведамленні пра блакіроўку яго акаўнта кампаніяй Facebook. Паверыць, што Аляксандр кагосьці абразіў, парушыў нейкія правілы надзвычай цяжка, а дабіцца ад кампаніі хаця б якога тлумачэння ці аднаўлення акаўнта аказалася немагчымым. Хтосьці вельмі намагаўся прыпыніць яго актыўнасць у інтэрнэце. 

Прыклады блакіроўкі акаўнта ў сацыяльных сетках не адзінкавыя. Гэтая праблема актуальная як для звычайных карыстальнікаў, якія адкрываюць уліковы запіс для зносін у сацыяльных сетках, так і для бізнес- ці палітычных акаўнтаў. У прыватнасці, гэта тычыцца Instagram, які належыць Facebook. Пад санкцыі патраплялі самыя знакамітыя асобы. 

Напрыклад, Дональд Трамп быў заблакаваны ў Facebook і Instagram на нявызначаны перыяд пасля беспарадкаў на Капітоліі 6 студзеня 2021 года. Такім чынам, Facebook адказаў на станоўчыя водгукі Трампа пра сваіх прыхільнікаў, якія штурмавалі парламент ЗША.

Але ў 2023 годзе кампанія Meta вырашыла, што акаўнты Трампа больш не ўяўляюць сур’ёзнай пагрозы для грамадства. Кампанія абвясціла, што неўзабаве дазволіць былому прэзідэнту ЗША Дональду Трампу вярнуцца ў Facebook і Instagram з высылкі, якая доўжыла 20 месяцаў. 

Блакіроўка ў Facebook – гэта праблема, з якой давялося сутыкнуцца многім і па самых розных прычынах. Праблема заключаецца ў тым, што прычыны блакавання незразумелыя. І немагчыма звязацца з тэхнічнай падтрымкай. А ў выніку карыстальнік часцяком цалкам губляе свой акаўнт. Новыя акаўнты таксама блакуюцца. Карыстальнік нават не паспявае завесці сваю новую старонку, як яго інфармуюць пра парушаныя правілы.

Трэба канстатаваць, што правілы карыстання сацыяльнымі сеткамі досыць строгія і карыстальнікі фактычна маюць надзвычай малыя магчымасці ўплываць на прыняцце рашэннеў у выпадку скаргаў на іх публікацыі з боку іншых карыстальнікаў, або рашэнняў, якія прымае алгарытм. 

Фота з адкрытых крыніц

 

«Малюся, каб мы святкавалі Дзень незалежнасці Украіны!». Спявачка Сафія Ратару вярнулася на радзіму на свой юбілей

Пра тое стала вядома з допісу спявачкі ў Інстаграме. Туды яна выклала і фота, на якім сядзіць у жоўтай сукенцы з жоўта-сіняй хусткай – гэта колеры ўкраінскага сцягу.

«Прыехала ў месца сілы! Тут я нарадзілася, расла, пайшла ў школу. Тут я пачала спяваць. Родныя Маршынцы нагадалі мне, як важна не страціць пачуццё лучнасці з сваёй Зямлёй, адчуваць сувязь з тымі, хто даў табе жыццё, выхаваў і падтрымліваў у тваіх пачынаннях», – адзначыла ў допісе Сафія Ратару.

Сёння, 7 жніўня, у яе дзень народзінаў і юбілей. Сафія Ратару піша, што адзначаць яго не будзе.

«Сёння не час святкаваць юбілей, сёння я малюся, каб, як заўжды, праз пару тыдняў пасля майго Дня нараджэння, мы святкавалі Дзень Незалежнасці Украіны!» – падкрэслівае яна.

«Каб як мага хутчэй, замест паветраных трывог, у кожным доме, у кожнай сям’і, у кожным горадзе нашай цудоўнай Украіны гучалі песні пра Любоў і Свет! Ваша Сафія Ратару» – такімі пажаданнямі завершаны допіс спявачкі.

Сафія Ратару – адна з улюблёных артыстак жыхароў Савецкага Саюзу. Яе лічаць сваёй ва Ўкраіне, Малдове і нават Расіі. Перапетая ёю ўкраінскамоўная песня “Червона рута” стала хітом на ўсе часы.

Сафія Ратару поп-спявачка, танцоўшчыца, актрыса, музычны і кіна-прадзюсар, прадпрымальніца. Яе рэпертуар налічвае больш чым 500 песень на рускай, украінскай, малдаўскай, румынскай, балгарскай, сербскай, польскай, нямецкай, італьянскай, іспанскай і англійскай мовах.