У Магілёве ўпарадкуюць пахаванне старажытнага шляхецкага рода

Чыноўнікі нарэшце заўважылі, у якім жахлівым стане знаходзяцца гістарычныя пахаванні на гарадскіх могілках у Магілёве. Раней падобныя талакі арганізоўвалі толькі актывісты.

У Музеі гісторыі Магілёва, што размяшчаецца ў ратушы, прайшло пасяджэнне ініцыятыўнай групы па добраўпарадкаванні старажытных пахаванняў у нашым горадзе. Як паведамляе Тэлеграм-канал “Магілёў – мой горад”, дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Галіна Бяляева праявіла ініцыятыву па прывядзенні ў парадак фамільнага захавання старажытнага шляхетнага рода Гартынскіх на Успенскіх могілках. Самым знакамітым прадстаўніком гэтай дынастыі з’яўляецца гісторык Мікалай Гартынскі, які пераклаў і выдаў “Магілёўскую хроніку” Сурты і Трубніцкіх у ХІХ стагоддзі.
Галіна Бяляева

Галіна БяляеваХарактэрна, што на заклік магілёўскай дэпутаткі адгукнуліся прадстаўнікі ўлады – на мерапрыемстве ў прэзідыўме прысутнічала намесніца старшыні Магілёўскага гарвыканкама Вікторыя Амялюсік, а выступаў таксама старшыня гарадскога савета дэпутатаў Максім Гурын.

Раней актыўную працу па рэстаўрацыі старажытных пахаванняў у Магілёве праводзілі хіба што неабыякавыя грамадзяне і актывісты. Так, каманда адмыслоўцаў раней праводзіла талакі на Лютэранскіх, Петрапаўлаўскіх могілках, а прадстаўнікі яўрэйскай грамады сваімі сіламі ўпарадкавалі старажытныя пахаванні на Яўрэйскіх.

Увага гарадскіх чыноўнікаў да гаротнага стану старажытных гістарычных пахаванняў на магілёўскіх могілках не можа не радаваць, асабліва, калі гэтая праца будзе мець сістэмны характар, а не ператворыцца ў фармальнасць альбо чысты піар. Рашаць гэтае пытанне, аднак, неабходна не падобнымі – цалкам сімпатычнымі, але ўсёж прыватнымі ініцыятывамі – а на ўзроўні дзяржаўнай палітыкі. Справа ў тым, што паводле дзейснага заканадаўства гарадскія ўлады не абавязаныя займацца пахаваннямі, што не маюць статуса гістарычнага помніка, альбо статуса воінскага пахавання. А даваць такі статус не зацікаўленыя ўжо самі гарадскія ўлады, каб не несці потым за гэта адказнасць. Атрымліваецца, што клопат за магілы людзей, што жылі ў ХІХ, XVIII, XVII стагоддзях фармальна кладзецца выключна на іх прамых нашчадкаў. Лішне казаць, што такіх людзей у горадзе практычна няма, а значыць, і гістарычныя пахаванні па-сутнасці збольшага лічацца “безгаспадарчымі”, за лёс якіх ніхто не нясе ніякай адказнасці.

Фота: Тэлеграм-канал “Магілёў – мой горад”