Але ў саміх з-за санкцый праблемы з новым абсталяваннем.
У Глуску ведаюць як пераарыентавацца на новыя рынкі. Менавіта таму работнікі лясной гаспадаркі Беларусі тут на семінары вывучалі вопыт перапрацоўкі драўніны на перадавым заходнім абсталяванні і працы ва ўмовах санкцый і крызісу.
Глускія “лесавікі”, падобна, становяцца лепшымі ў Беларусі. У гэтым годзе галоўны ляснічы Глускага лясгаса Мікалай Ляпко дзяліўся вопытам выкарыстання фінскага харвестара Usewood па догляду лясных культур. І вось цяпер рэспубліканскі семінар «Вытворчасць і рэалізацыя паганажных профільных вырабаў» прайшоў на базе Глускага лясгаса.
Вытворчасць
Глусчане, як паведаміла газета “Радзіма”, паказалі і расказалі калегам, як працуюць сучасныя лініі лесапілавання Wood-Mizer, Brodpol, Mebor, якія піламатэрыялы на іх вырабляюцца, як арганізаваны тэхнічны працэс сушкі прадукцыі ў сушыльных камерах Baschild (2010 г.) і Termolegno (2020 г.). У сталярным цэху гасцей азнаёмілі з вытворчасцю профільных дэталей і прадукцыі. Абсталяванне заходніх машынабудаўнікоў якаснае і мае добрую вытворчасць.
Даведка: Глускі лясгас размешчаны ў паўднёва-заходняй частцы Магілёўскай вобласці на тэрыторыі 75 858 га, у тым ліку пакрытых лесам 68 648 га. Працягласць тэрыторыі лясгаса з поўначы на поўдзень – 55 км. і з захаду на ўсход – 40 км. У ягоны склад уваходзяць 8 лясніцтваў. Па лесараслінным раянаванні тэрыторыя лясгаса адносіцца да Цэнтральна-Прадпалескага комплексу лясных масіваў, падзоны ялова-грабавых дуброў.
Рэалізацыя прадукцыі
Работнікі глускага лясгасу таксама падзяліліся вопытам працы гандлёвай пляцоўкі. Геаграфія паставак на экспарт прадукцыі дрэваперапрацоўкі ў іх раней налічвала больш за 30 краін. Але пастаўкі ў Літву, Латвію, Польшчу і іншыя заходнія краіны практычна прыпыніліся з-за санкцый і немагчымасці пераводу грошай. Цяпер самым важным стратэгічным напрамкам работы арганізацый галіны сталі пастаўкі прадукцыі на кітайскі рынак.
Як паказаў семінар, глускія “лесавікі” здолелі пераарыентавацца на іншыя рынкі збыту сваёй прадукцыі і захавалі калектыў. Але праблема ў тым, што новае абсталяванне, якое яны выкарыстоўваюць, з-за санкцый практычна немагчыма набыць, а заходнія рынкі амаль цалкам закрытыя. Застаецца працаваць з Азіяй і спадзявацца на змену знешнепалітычных умоў гаспадарання.
фота: glusk.by