Мэр Мікалаева Аляксандр Сянкевіч падпісаў Дамову аб партнёрстве з польскім горадам Хелмам. Дакумент прадугледжвае супрацоўніцтва гарадоў у гандлёва-эканамічнай, навукова-тэхнічнай і культурнай сферы.
З пачатку поўнамаштабнага ўварвання расійскіх акупантаў на Ўкраіну абшчына Хелма неаднаразова збірала для Мікалаева гуманітарную дапамогу.
Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці.
Хелм, горад у складзе Люблінскага ваяводства Польшчы, за 25 км ад мяжы з Украінай. Гэта цэнтр украінскай гістарычнай вобласці Холмшчына ў Паўднёва-Заходняй Русі. Насельніцтва горада 72 600 жыхароў. Заснаваны ў 1237 годзе князем Даніілам Галіцкім як рэзідэнцыя.
У яўрэяў Еўропы вядомы як Хелем. Назва блізкая на ідыш да слова, якое азначае «сон, мара». Таму «хелемскія мудрацы» – увасабленне наіўнасці, а Хелем – знакаміты «горад летуценнікаў і фантазёраў».
Найбольш знакамітыя ўраджэнцы Хелма – украінскія грамадскія і палітычныя дзеячы Антон Васіньчук і Міхайла Грушэўскі.
Фота: Хелм, wikimedia.org
Раней мэр Мікалаеў падпісаў мемарандум аб партнёрскіх адносінах з мэрам нямецкага Гановера Беліт Онай.
Снігіроўка ў руінах і з катавальняй
10 лістапада ўкраінскія войскі вызвалілі апошні раёны цэнтр Мікалаеўскай вобласці – Снігіроўку. Ад даваеннага насельніцва ў 12 000 чалавек тут засталося некалькі тысяч.
Значная частка будынкаў і прадпрыемстваў у горадзе разбурана або пашкоджана падчас расійскай акупацыі.
На фотаздымках телеграм-канала “Николаевский Ванек” з вызваленага горада бачна, што на вуліцах стаяць спаленыя аўтамабілі, таксама прыкметна вялікая колькасць смецця, якую пакінулі акупанты ў разгромленых дамах і прадпрыемствах.
Адзначаецца, што акупанты, верагодна, здзейснілі ў Снігіроўцы і ваенныя злачынствы – украінскія СМІ паведамлялі, што ў мясцовым аддзеле паліцыі расійцы арганізавалі катавальную мірных жыхароў.
Экалагічны і інклюзіўны
У стварэнні перспектыўнага генеральнага плана Мікалаева ўдзельнічаюць міжнародная архітэктурная кампанія One Works і Norman Forster, паведаміла прэс-служба Мікалаеўскага гарсавета.
У пачатку восені Еўрапейская эканамічная камісія ААН (ЕЭК ААН) запрасіла міжнародных архітэктараў дапамагчы ў распрацоўцы перспектыўнага генплана Мікалаева. Гэтую працу каардынуе сусветная дызайнерска-архітэктурная кампанія One Works (Італія).
Як паведамляецца на сайце архітэктурнай кампаніі, One Works стварыла спецыяльную каманду на бясплатнай аснове. З мэрыяй Мікалаева ўжо абмеркаваны першыя крокі, якія неабходна зрабіць, каб задаволіць самыя неадкладныя патрэбы і падтрымаць намаганні па аднаўленні горада дзеля лепшага заўтра, прадугледжваючы зялёны і інклюзіўны горад, які адпавядае самым неадкладным патрабаванням постканфліктнага перыяду.
One Works працуе ў цесным супрацоўніцтве з аператыўнай групай ЕЭК ААН, Фондам Нормана Фостэра і ўладамі Мікалаева па пяці тэматычных макранапрамках, якія складаюць аснову для аналізу і вызначэння стратэгій, якія будуць кіраваць распрацоўкай новага генеральнага плана развіцця горада: транспарт і інфраструктура, зялёная і водная сістэма, сацыяльнае жыллё, індустрыяльнае развіццё.
У распрацоўцы генеральнага плана горада ўжо ўдзельнічаюць Дэпартамент гарадскога планавання Міланскага політэхнічнага ўніверсітэта, эксперты па лічбавай трансфармацыі гарадоў Municipia, ExSUF – Цэнтр перадавога вопыту Жэнеўскай хартыі ААН, Liuc – Libera Università di Castellanza.
Паралельна праводзіцца і сацыялагічнае даследаванне меркаванняў грамадзян адносна стварэння генплана.
Пабрацімства Мікалаева з Магілёвам было замацаванае дамовай у 2009 годзе.
31 мая 2022 году мэр украінскага гораду заявіў, што Пагадненне аб пабрацімстве з Магілёвам скасаванае і выказаў спадзеў, што яно будзе адноўленае, калі Беларусь стане свабоднай.
Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Мікалаева, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам.
Мікалаеў месціцца за 65 кіламетраў ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 490 тысяч чалавек. Траціна з іх вымушана была пакінуць горад. Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў адзін з асноўных кірункаў наступу расіян.
Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць. Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой».