19 жніўня – Другі, або Яблычны Спас.
Старажытнае земляробчае свята, звязанае з выспяваннем пладоў. Ад гэтага дня можна спажываць яблыкі.
Гэты спас лічылі днём, калі ў вырай збіраліся адлятаць буслы.
1562 год. Беларусы разбілі пад Невелем маскоўскае войска на чале з Андрэем Курбскім.
Войскам Вялікага Княства Літоўскага камандаваў гетман Мікалай Радзівіл «Руды».
Вынікі перамогі, аднак, трывалі не доўга. Маскоўцы зноў захапілі горад пасля аблогі.
У 1580 годзе кароль і вялікі князь Стэфан Баторы вызваліў Невель, аднак паводле Ям-Запольскага міру яго мусілі аддаць Маскоўскаму княству.
У 1926 году кіраўніцтва савецкай Беларусі прасіла вярнуць горад беларусам, але Масква не пагадзілася таго зрабіць.
1823 год. Утворанае Віцебскае генерал-губернатарства.
Афіцыйна яно называлася ў 1823–1831 гадах як «Віцебскае, Магілёўскае, Смаленскае і Калужскае генерал-губернатарства».
Па захопе земляў Рэчы Паспалітай расійская ўлада пачала ствараць на новых тэрыторыях адміністрацыйныя адзінкі і гэта былі генерал-губернатарствы. Гэтак, беларускія землі штучна дзялілі на расійскі капыл.
Спачатку ўтварылі Беларускае генерал-губернатарства з цэнтрам у Магілёве. Яно праіснавала ад 1772 да 1796 гадоў.
У 1801–1823 гадах цэнтрам Беларускага ваеннага губернатарства стаў Віцебск. Яно складалася з Беларуска-Магілёўскай і Беларуска-Віцебскай губерні.
А затым ужо было ўтворанае Віцебскае генерал-губернатарства.
1831 год. Нарадзіўся Зыгмунт Чаховіч.
Бібліяфіл.
Адзін з кіраўнікоў паўстання 1863 – 1864 году.
За ўдзел у ім прыгавораны да расстрэлу, які заменены 12 гадамі катаргі ў Нерчынскіх рудніках.
У ягоным маёнтку Малыя Бясяды Янка Купала ўпершыню прачытаў нелегальную літаратуру, даведаўся пра паўстанне, карыстаючыся бібліятэкай.
Зыгмунт Чаховіч паўплываў на фармаванне светапогляду Купалы. Вобраз Чаховіча перададзены ў п’есе Уладзімера Караткевіча «Калыска чатырох чараўніц».
1893 год. Нарадзіўся Баляслаў Слосканс.
Каталіцкі святар, рэлігійны і грамадскі дзеяч беларускага замежжа.
Апостальскі адміністратар Мінскі і Магілеўскі, пераследаваўся савецкімі ўладамі. Двойчы арыштоўваўся, знаходзіўся ў канцлагерах на Салаўках, сібірскай ссылцы.
З 1944 г. – у эміграцыі, апостальскі візітатар для беларусаў-католікаў у Заходняй Еўропе. Прымаў удзел у культурным і нацыянальна-рэлігійным жыцці беларускага замежжа.
1912 год. Нарадзіўся Барыс Мікуліч.
Пісьменнік, крытык.
Чалец суполкі «Маладняка», працаваў у Дзяржаўным выдавецтве, адказным сакратаром газеты «Літаратура і мастацтва».
Аўтар зборнікаў апавяданняў, аповесцяў. Адзін з твораў прысвяціў Максіму Багдановічу.
У жанры дзённікавых запісаў падаваў успаміны аб беларускіх пісьменніках, літаратурным і тэатральным жыцці Беларусі, сваім жыцці ў лагерах і турмах.
У 1936 годзе арыштаваны савецкімі органамі і асуджаны як «член контррэвалюцыйнай нацыянал-фашысцкай арганізацыі» і за «антысавецкую дзейнасць» да 10 гадоў калоніяў. Паўторна арыштавалі ў 1949-ым і выслалі ў Сібір на вечнае пасяленне.
Рэабілітаваны 29 снежня 1954, праз тры месяцы пасля смерці.
1925 год. Пабачыла свет беларускамоўная газета «Жыцьцё Беларуса».
Выдавалася ў Вільні і выходзіла 3 разы на тыдзень. Апошні нумар быў памножаны 12 лістапада 1925 году.
Агулам паспелі выдаць 20 нумароў, з іх 5 канфіскавалі.
Выпуск газеты згарнулі праз ціск польскіх уладаў.
Рэдагавалі выданне Язэп Туркевіч, Уладзімір Варава.
Пісала пра жыццё беларусаў, бараніла іх правы і права на родную мову.
1946 год. Нарадзіўся Віктар Гардзей.
Паэт, празаік, перакладчык.
Працаваў у часопісах «Беларусь», «Родная прырода», «Маладосць», «Полымя» і «Вожык», газеце «Літаратура і мастацтва».
Аўтар 6 зборнікаў паэзіі, шэрагу кніг вершаў для дзяцей, кніг прозы. Перакладчык на беларускую мову твораў Густава Флабера, Робэрта Стывенсана, Эрнста Гофмана, казак народаў Еўропы.
1977 год. Памёр Аркадзь Маўзон (Арон Маўшэнзон).
Драматург.
Працаваў акторам драматычнага тэатру ў Віцебску, на кінастудыі «Беларусьфільм», у Міністэрстве культуры савецкай Беларусі. Аўтар пʼес, зборнікаў драматургічных твораў.
Паводле яго сцэнарыяў пастаўлены кінафільмы «Канстанцін Заслонаў», «Зялёныя агні», «Наперадзе – круты паварот».
1991 год. Адхілены ад улады прэзідэнт СССР Міхаіл Гарбачоў.
У Савецкім Саюзе ўладу спрабаваў захапіць «Дзяржаўны камітэт па надзвычайным становішчы», вядомы, як «ГКЧП», а падзеі 18-21 жніўня ўвайшлі ў гісторыю як Жнівеньскі путч. Мэта путчыстастаў палягала ў вяртанні да парадкаў, якія існавалі ў СССР да перабудовы.
Адхіленне Міхаіла Гарбачова ад улады тлумачылася яго немагчымасцю выконваць абавязкі ў сувязі са станам здароўя. ГКЧП паскорыў развал Савецкага Саюзу і абвяшчэнне савецкімі рэспублікамі незалежнасці. У Маскве людзі выступілі супраць путчыстаў, а войскі не сталі выконваць загад страляць па пратэстоўцам. Путч праваліўся.
Камуністычнае кіраўніцтва Беларусі на чале з Аркадзем Малафеевым і сакратарамі партыйных арганізацый на месцах, сустрэлі путч з энтузіязмам.
Беларускі Народны Фронт абвясціў путчыстаў крымінальнымі злачынцамі. 19-21 жніўня з ініцыятывы апазіцыйнай фракцыі ў Вярхоўным савеце перад Домам ураду адбыліся акцыі пратэсту.
У ноч на 20 жніўня было абвешчана пра стварэнне Беларускага згуртавання вайскоўцаў на чале з Мікалаем Статкевічам. Путч праваліўся.
У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў