300-гадоваму дрэву, помніку прыроды пагражае знішчэнне – пісалі Магілёў.media.
– Дрэва страціла галіну першага парадку з часткай ствала. – тлумачыла праблему кандыдат біялагічных навук, старшы навуковы супрацоўнік навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па біярэсурсах Святлана Цярэшчанка – У месцы разгалінавання шкілетных галін з’явіліся дуплы, а трутавыя грыбы на ствале дрэва сведчаць аб наяўнасці ствалавой гнілі… Калі ламаюцца шкілетныя галіны, дрэвы губляюць устойлівасць. У Дуба-волата ў Бабруйску зламаная адна з буйных шкілетных галін, а другая мае нахіл каля 30 градусаў. Моцны вецер можа яе зламаць.
Праблема з захаваннем дуба-волата, які памятае яшчэ часы Рэчы Паспалітай, сталі рэзананснымі ў Беларусі. На бабруйскім партале 1387.by з’явілася інтэрв’ю з эколагам Ігарам Куталоўскім, які спрабуе выратаваць помнік прыроды.
– Паводле дзейсных крытэраў ацэнкі стану аб’ектаў расліннага свету гэтае дрэва знаходзіцца ў даволі добрым стане. – лічыць эколаг – Сухавяршыннасць адсутнічае, маецца добры і здаровы новы прырост. Аварыйнасць дадзенага дрэва можа ўзнікнуць праз яго шырокую разгалістую крону толькі падчас ураганнага ветру, у сувязі з блізкім знаходжаннем ходніка і праезджай часткі.
Пазбаўляць унікальнае дрэва ахоўнага статусу помніка прыроды з прычыны магчымай аварыйнай сітуацыі ні ў якім выпадку нельга – гэта незаконна, непрафесійна і бязглузда, лічыць эксперт, бо як раз ахоўны статус абавязвае прафесійна абследаваць дрэва і прызначаць яму індывідуальны і рэгулярны догляд.
Каб перадухіліць узнікненне аварыйнай сітуацыі, дастаткова выканаць пісьменную санітарную і амаладжальную абрэзку – адзначае Ігар Куталоўскі. Гэта аблегчыць крону дрэва, зробіць яе больш кампактнай, зменшыць даўжыню галінаў, якія навісаюць над праезджай часткай, і адпаведна перадухіліць іх абломванне і падзенне.
– Старыя дрэвы праз пісьменную абрэзку можна амалоджваць. Калі мы цяпер узімку гэта зробім, то ўвесну будзе зразумела, ці ўсё добра, – кажа спадар Ігар. – Калі ўсё зрабіць, як трэба, то дуб прастаіць яшчэ сто год і нават больш. А калі мы нічога не будзем рабіць, сапраўды рызыкуем застацца без гэтага дрэва. Але лямантаваць тут не трэба, а проста працаваць з дубам. У інспекцыі прызналі, што да гэтага часу з ім нармальна ніхто нічога не рабіў. Так, зрабілі сцяжкі на ствале, але гэта ні пра што.
КУП “ДЭП г. Бабруйска” у 2015 годзе сцягнула дрэва стальным абручом, які замацаваў расколіну ў драўніне ад канчатковага разлому.
Фота: 1387.by