Пра вайну ва Украіне былыя магілёўскія дэсантнікі казалі, што ва ўмовах сучасных ваенных тэхналогіяў без вайсковага спецназу не абысціся.
На дзіва, але ў разгар дня, сквер ля кінатэатру «Радзіма», дзе ў ранейшыя гады збіраліся дэсантнікі» заставаўся без хлопцаў у цяльняшках. Не было традыцыйнага маршу былых салдат і па пешаходнай вуліцы Ленінскай.
Адстаўная дэсантура сабралася ў парку імя Горкага. Гэтая мясціна, хоць і ў цэнтры гораду, але ў баку ад людных вуліц. Каля сотні дэсантнікаў віталіся, браталіся, абмяркоўвалі планы на святочны дзень пакуль не прагучала каманда шыхтавацца. Шыхт былых вайскоўцаў правялі да мемарыялу Змагарам за Савецкую ўладу.
Ля яго адбыўся непрацяглы мітынг. На ім не было, як у мінулыя гады, пафасных выступаў чыноўнікаў. У прамовах згадалі вайну ва Ўкраіне. Было падкрэслена, што ва ўмовах панавання сучасных ваенных тэхналогіяў дэсантнікі застаюцца незаменнымі.
Будзённа на мітынгу прагучалі віншаванні, былі ўручаныя памятныя медалі. Святар акрапіў вадой шыхт былых вайскоўцаў. Некаторыя адрэагавалі жартам: цяпер можна не лезці ў фантаны.
Па сканчэнні ўрачыстай часткі адстаўныя дэсантнікі разышліся. Хто выправіўся да сваіх фантанаў, хто ў кавярні, а нехта дадому.