Бабруйскі завод выйшаў са сваёй прадукцыяй на Wildberries

Купіць запчасткі да трактара “Беларус” зараз можна нават на маркетплэйсе Wildberries. Там іх размяшчае Бабруйскі завод трактарных дэталяў і агрэгатаў (БЗТДА).

Як паведамляе сайт Трактар.бел, прадаваць сваю прадукцыю праз маркетплэйс бабруйскі завод пачаў у гэтым месяцы. Пакуль выстаўлена сем найменняў тавараў.

«Запуск продажаў на Wildberries – вынік больш чым гадавой падрыхтоўкі. Стварэннем картак тавараў займаюцца супрацоўнікі бюро пратакола і рэкламы, яны ж і курыруюць прасоўванне прадукцыі на пляцоўцы» – распавяла начальнік бюро пратакола і рэкламы Юлія Крук, паведаміўшы, што на такі крок завод пайшоў па просьбах спажыўцоў.

Паводле яе, усе вырабы прадаюцца пад адзіным брэндам – BZTDA.OFFICIAL. «Першыя замовы ўжо пачалі паступаць, назіраецца невялікая, але стабільная дынаміка. Калі ўбачым, што прысутнасць на Wildberries сапраўды эфектыўна, будзем рыхтаваць выхад і на Ozon», – дадала Юлія Крук.

Інфармацыя аб тым, што завод пачаў прадаваць сваю прадукцыю на Wildberries, прысутнічае і на яго сайце. Праўда, з трох моўных версій віртуальнага прадстаўніцтва БЗТДА пазначаных на там, азнаёміцца са зместам можна толькі па-руску.

Фота: БЗТДА