Магілёўскія пракуроры заблакавалі сайты беларускіх і расійскіх праваабаронцаў

Па рашэнні пракуратуры Магілёўскай вобласці ў Беларусі заблакавалі сайты праваабарончых праектаў “Праваабаронцы супраць катаванняў” і “Мемориал ПЗК”.

Пра блакаванне праваабарончых сайтаў беларускага protivpytok.org і расійскага memopzk.org, паведаміла Генеральная пракуратура.

Па версіі пракуратуры, на сайтах ініцыятыў “размяшчаліся інфармацыйныя матэрыялы, якія змяшчаюць загадзя ілжывыя звесткі аб палітычным становішчы Рэспублікі Беларусь, прававым становішчы грамадзян, а таксама экстрэмісцкія матэрыялы, якія накіраваны на дыскрэдытацыю кіраўніка дзяржавы, органаў улады і кіравання».

Ініцыятыва “Праваабаронцы супраць катаванняў” створана ў 2011 годзе, яна аб’ядноўвае беларускіх праваабаронцаў і юрыстаў, якія займаюцца праблемай катаванняў у Беларусі.

“Мемориал. Поддержка политзаключенных” — расійская ініцыятыва. Праект збірае і распаўсюджвае інфармацыю пра палітвязняў, дапамагае палітвязням знайсці і аплаціць адваката і г.д.

Фотаздымак з адкрытых крыніц