У Сідаравічах хлопцам 6-8 гадоў расказвалі пра наркаманію

Бібліятэкі Магілёўскага раёна падзяліліся фотаздымкам з прафілактычнага мерапрыемства, праведзенага ў Дзень барацьбы з наркаманіяй у вясковай бібліятэцы ў Сідаравічах. Звяртае на сябе ўвагу, што слухачамі лекцыі “Бяда па імені наркотык” сталі чатыры крыху перапалоханыя мясцовыя хлопчыкі, якім ад сілы можна даць па 6-8 гадоў. Верагодна, пра саму такую з’яву, як наркаманія, яны і даведаліся толькі дзякуючы гэтаму мерапрыемству.

Пікантныя гісторыі і дзіцячая свядомасць

Як паведамляюць арганізатары, “библиотекарь доступно рассказала детям о дружбе двух учеников, которые попали в беду из-за наркотиков и какие последствия имеет их употребление”.

Аднак узнікае пытанне: ці не занадта рана знаёміць дзяцей з такімі тэмамі, прычым у фармаце амаль што “казкі на ноч”? І ці не спрацуе зваротны эфект — фарміраванне інтарэсу да забароненага, пакуль яшчэ зусім не зразумелага?

Каму і калі гаварыць пра рызыкі

Работа з моладдзю і падлеткамі ў тэме прафілактыкі залежнасцей — сапраўды важная і патрэбная. Але ці варта пачынаць яе з дашкольнікаў?

Варта спадзявацца, што летнія канікулы хутка выцесняць з памяці малых гэтае “пазнавальнае” мерапрыемства. А бібліятэкары скарыстаюць час, каб падрыхтавацца да сапраўды асэнсаванай працы — з тымі, каму прафілактыка можа быць своечасовай і эфектыўнай.

Фота: Бібліятэкі Магілёўскага раёна