Дзень у гісторыі. 25 кастрычніка. Дзень нараджэння «бацькі» якуцкай літаратуры Эдварда Пякарскага, археолага Сяргея Дубінскага, кінарэжысёра Віктара Турава. Чакаем сонечнае зацьменне

1858 год. Нарадзіўся Эдвард Пякарскі. 

Беларускі этнограф, географ, фалькларыст. Акадэмік АН СССР, Сакратар Аддзялення Рускага геаграфічнага таварыства, аўтар прац па этнографіі якутаў і эвенкаў, складальнік слоўніка якуцкай мовы, «бацька» якуцкай літаратуры.

За ўдзел у народніцкім руху быў сасланы ў Якуцію (1881).

Даследаваў геаграфію, фальклор і мову, супрацоўнічаў з Усходне-Сібірскім аддзяленнем Рускага геаграфічнага таварыства.

Памёр у 1934 годзе. Пахаваны на ленінградскіх Смаленскіх лютэранскіх могілках. 

1868 год. Нарадзіўся Карл Грыгаровіч. 

Беларускі скрыпач і педагог. Інтэрпрэтатар скрыпічнай і квартэтнай класікі.

Гастраляваў па свеце: Амерыка, Азія, Афрыка. 

Прафесар Маскоўскага філарманічнага вучылішча, Віцебскай народнай кансерваторыі, першая скрыпка ў квартэце герцага Мекленбургскага.

Арыштаваны ў 1921 годзе і прысуджаны да 3 гадоў прымусовых работ.

Да гэтага часу незразумела, памёр ён ад голаду ў заключэнні або быў расстраляны ў 1921 годзе.

musicseasons.org

1884 год. Нарадзіўся Сяргей Дубінскі. 

Беларускі археолаг і гісторык.

Разам з Аляксандрам Ляўданскім закладаў асновы беларускай археалогіі.

Даследаваў помнікі ранняга жалезнага веку і сярэднявечча Беларусі, у тым ліку Магілёўшчыны, гарадзішча Банцараўшчына.

Аўтар першых археалагічных карт Магілёўскай вобласці, Беларусі, першай бібліяграфіі па археалогіі Беларусі і сумежных краін.

У 1937 годзе абвінавачаны ў шпіёнскай дзейнасці на карысць Польшчы і расстраляны.

1932 год. Нарадзіўся Уладзімір Анісковіч. 

Беларускі літаратурны крытык, перакладчык

Працаваў рэдактарам на Беларускім радыё, у рэдакцыях часопісаў «Нёман», «Родная прырода», газеты «Літаратура і мастацтва», у выдавецтве «Юнацтва».

Перакладчык з балгарскай мовы твораў І. Давыдкава, С. Страціева , А. Стаянава, Б. Апрылава, Н. Хайтава, Д. Цончава, І. Радзічкава, І. Мілева і іншых аўтараў.

1933 год. У Полацку нарадзілася Нінэль Шчасная. 

Беларускі жывапісец і графік. Заслужаны дзеяч мастацтваў.

Працавала ў станкавым жывапісе, кніжнай і станкавай графіцы, манументальна-дэкаратыўным мастацтве. Аформіла шэраг кніжных выданняў.

Аўтар партрэтаў І. Мележа, У. Дубоўкі, І. Шамякіна, Цёткі, А. Макаёнка, М. Танка, Янкі Купалы,  М. Багдановіча, Еўфрасінні Полацкай, Ф.Скарыны, П. Мсціслаўца і іншых выбітных ураджэнцаў Беларусі.

1934 год. Ва Уругвае нарадзіўся Карлас Шэрман. 

Беларуска-іспанскі перакладчык, літаратар і праваабаронца.

Нарадзіўся ў сям’і выхадца з Заходняй Беларусі.

Загадчык рэдакцыйна-выдавецкага сектара Фундаментальнай бібліятэкі імя Якуба Коласа АН БССР,  віцэ-прэзідэнт Беларускага ПЭН-цэнтра.

Перакладчык іспанамоўных аўтараў: Г. Гарсія Маркеса, Н. Гільена, Ф. Піта Радрыгеса і іншых.

З беларускай на іспанскую пераклаў асобныя творы А. Куляшова, М. Танка, І. Шамякіна, В. Быкава, Я. Купалы,  Я. Коласа, Р. Барадуліна і іншых.

Аўтар кніг, зборнікаў паэзіі.

Памёр у 2005 годзе.

1936 год. У Магілёве нарадзіўся Віктар Тураў. 

Беларускі кінарэжысёр і сцэнарыст. Народны артыст Беларусі і СССР. Лаўрэат многіх прэмій СССР, Польшчы, кінафестываляў.

Вязень канцлагера на Рэйне.

Этапнымі яго работамі былі экранізацыі «Палескай хронікі» І. Мележа «Людзі на балоце», «Подых навальніцы», апавядання І. Тургенева «Жыццё і смерць двараніна Чартапханава». 

Сярод ваеных і гістарычных фільмаў найбольш значныя:  «Я родам з дзяцінства», «Сыны ідуць у бой», «Пераправа», «Чорны бусел», «Шляхціц Завальня».

Здымаў фільмы з удзелам Ул. Высоцкага, з якім сябраваў.

Уключаны ЮНЕСКА ў лік 50 кінематаграфістаў свету, з якіх складаўся Ганаровы камітэт па святкаванню 100-годдзя кінематаграфіі.

wikimedia.org

1939 год. Нарадзіўся Яўген Штоп. 

Беларускі  дзеяч самадзейнага мастацтва, заслужаны работнік культуры Беларусі, лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі.

Працаваў артыстам Белдзяржфілармоніі, дырэктарам Ваўкавыскага Дома культуры, балетмайстрам-постаноўшчыкам Дзяржаўнага ансамбля танца Беларусі.

Стваральнік і першы мастацкі кіраўнік ансамбля песні, музыкі і танца «Белыя росы» Гродзенскай абласной філармоніі.

grodnonews.by

 1942 год. Памёр Хвядос Шынклер. 

Беларускі пісьменнік і сцэнарыст.

Удзельнік літаратурнага аб’яднання «Маладняк».

Працаваў у бабруйскай газеце «Камуніст», транспартнай жлобінскай газеце «Ударнік», у рэдакцыях «Літаратура і мастацтва» і «Полымя».

Аўтар многіх зборнікаў апавяданняў, аповесцей, кніг, п’ес.

Выступаў з рэцэнзіямі, артыкуламі, нарысамі.

wikimedia.org

 1952 год. Нарадзіўся Аляксандар Карабанаў. 

Беларускі геолаг. Акадэмік НАН Беларусі.

Доктар геолага-мінералагічных навук, прафесар. Лаўрэат Прэміі НАНБ за цыкл прац «Разломы і лінеаменты зямной кары Беларусі». Дырэктар Інстытута прыродакарыстання.

Выхаванец геаграфічнага факультэта БДУ.

Распрацаваў спосаб рэканструкцыі амплітуд неатэктанічных рухаў старажытнамацерыковага абледзянення і канцэпцыю неатэктанічнага развіцця і найноўшай геадынамікі тэрыторыі Беларусі. 

Выканаў неатэктанічнае раянаванне Заходняй і Цэнтральнай Еўропы

Аўтар 250 навуковых прац, у тым ліку 13 манаграфій, уключаючы «Культавыя і гістарычныя валуны Беларусі».

Памёр у 2019 годзе.

csl.bas-net.by

1991 год. У Нью-Ёрку памёр Міхась Міцкевіч.  

Беларускі грамадскі і культурны дзеяч, малодшы брат Якуба Коласа.

Удзельнік нацыянальнага руху Беларусі, выкладчык Мінскай беларускай гімназіі.

З 1944 года ў эміграцыі. Актыўны дзеяч Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы ў ЗША, член рэдакцыі часопіса «Беларус», рэдактар часопіса «Голас Царквы».

Пахаваны на беларускіх могілках у Іст-Брансуіку ў штаце Нью-Джэрсі.

У яго гонар Якуб Колас назваў свайго малодшага сына Міхася (1926-2020).

2022 год. Сонечнае зацьменне. 

У выпадку яснага надвор’я паміж 12:24 і 14:51 можна будзе назіраць сонечнае зацьменне ў Беларусі, іншых краінах Еўропы, Блізкага Усходу, Цэнтральнай Азіі, на паўночным усходзе Афрыкі, у паўночна-ўсходняй частцы Атлантычнага акіяна.

Гэтае зацьменне будзе частковым, дыск Месяца не закрые Сонца поўнасцю.

Наступнае зацьменне Сонца адбудзецца 20 красавіка 2023 г. і будзе поўным, але яго паласа па тэрыторыі Беларусі не пройдзе.

Усе назіранні за Сонцам неабходна праводзіць з выкарыстаннем сонечнага святлафільтра.

root-nation.com

Польскія археолагі знайшлі шкілет жанчыны з сярпом на горле

“Вампірша” з могілак на поўначы Польшчы ажывіла старажытныя паданні. 

У польскай вёсцы П’ен каля Быдгашча былі знойдзены астанкі жанчыны, якую ахрысцілі “вампіршай”. На могілках XVII стагоддзя цела жанчыны было прыціснутае да зямлі сярпом, перакінутым праз горла. У дадатак на вялікі палец нагі быў надзеты замок, верагодна, каб перашкодзіць ёй “паўстаць з мёртвых”. Даследчыкі звярнулі ўвагу – адзін з пярэдніх зубоў вытыркаў з яе сківіцы. 

Навукоўцы лічаць, што, мясцовыя жыхары баяліся, што нябожчыца паспрабуе ажыць і пачне пераследаваць жывых. Відаць, дзеля таго, каб перадухіліць гэта, баязлівыя людзі XVII стагоддзя змясці на яе горла серп. Ён ляжаў не плазам, а ўпіраўся ў цела жанчыны вастрыём.

Гледзячы па рэштках адзення, гэтая жанчына пры жыцці належала да мясцовай эліты. На галаве памерлай была шаўковая шапачка, якая ўказвала на яе высокі сацыяльны статус. 

Не зусім зразумела, чаму людзі, якія хавалі яе, так баяліся, што яна паўстане з мёртвых. Але яны зрабілі ўсё, каб гэтага не адбылося. Так яе, галава была б адрэзана або пашкоджана, калі б яна паспрабавала падняцца з магілы – тлумачыць кіраўнік раскопак археолаг Дарыюш Паліньскі з Універсітэта Мікалая Каперніка.

У дадатак да сярпа вакол вялікага пальца левай нагі жанчыны быў навешаны трохкутны замок. Гэта сведчыць аб тым, што людзі, якія хавалі яе, баяліся, што яна можа ўваскрэснуць з магілы.

Выяўленне «жанчыны-вампіра» у П’ене адбылося праз сем гадоў пасля таго, як астанкі пяці іншых меркаваных вампіраў былі выяўлены ў горадзе Драўска ў 150 кіламетрах ад месца знаходкі.

Еўрапейцы пачалі верыць у існаванне вампіраў і баяцца іх яшчэ з XI стагоддзя, і для барацьбы з імі ўлады ўвялі спецыяльныя пахавальныя цырымоніі, якія ўжываліся да XVII стагоддзя.

Серп – традыцыйная сельскагаспадарчая прылада. Забабоннымі палякамі ў 1600-х гадах яна выкарыстоўвалася, каб паспрабаваць утрымаць памерлага чалавека, які лічыўся вампірам, у магіле. Лічылася, што так ён не зможа вярнуцца з памерлых на гэты свет. Раней гэта было вядома ў тэорыі з легенд і паданняў, а цяпер становіцца даказаным артэфактам. 

“Іншыя спосабы абароны ад вяртання мёртвых уключаюць адсячэнне галавы або ног, памяшчэнне памерлага тварам уніз, спальванне і разбіванне каменем” – заявіў Паліньскі.

На Беларусі

Беларускія легенды пра ваўкалакаў і вампіраў таксама запісаны этнографамі і антыкварамі (так, яны тады і гэтым займаліся) у ХІХ стагоддзі. А вось сродкі барацьбы з вампірамі ў нашых легендах іншыя. 

На беларускіх землях часцей фігуруе асінавы кол, які ўбіваўся ў магілу пасля пахавання вампіра ці ведзьмара. Лічылася, што асіна – дрэва, якое адбірае энергію, і ўбіты асінавы кол не дазволіць вампіру ці вядзьмарцы ажыць і вярнуцца ў наш свет. 

Фота: Mirosław Blicharski