Хроніка прыхаванай рэальнасці. Суды, зняволенні, вызваленні

Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, мэдыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго

Павел Вінаградаў

У палітзняволенага блогера і актывіста пацвердзілі сухоты

28 ліпеня яго перавялі ў аршанскую папраўчую калонію № 12, дзе ўтрымліваюцца і лечацца асуджаныя, хворыя на актыўную форму гэтай хваробы.

Яму прысудзілі 5 гадоў калоніі за арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх, распальванне варожасці ці варажнечы і г.д.

Мікалай Аўтуховіч

Па сканчэнні галадоўкі яго вярнулі на працэс, хаця раней выдалілі за парушэнне парадку.

На працэсе ён заявіў: узятыя ў яго аналізы паказалі, што арганізм цалкам абязводжаны, раскладаюцца тканкі нырак.

59-гадовы палітвязень абвясціў сухую галадоўку 11 ліпеня. Ёю ён пратэставаў супраць таго, што яму не перадаюць лісты і газеты.

Пяць дзён арыштант не наведваў судовыя паседжанні, бо не меў сілаў дайсці. Яму ставілі кропельніцу. 1 жніўня стала вядома, што ён спыніў галадоўку.

Аўтуховіча вінавацяць ва ўчыненні «Акту тэрарызму». Нібыта за падпаламі дому міліцыянта ў Ваўкавыску і падрывам аўтамабіля супрацоўніка міліцыі ў Гродна стаіць групоўка, якой ён кіраваў.

Па «справе Аўтуховіча» судзяць 12 чалавек.

Яўген Харашкевіч

Змешчаны ў штрафны ізалятар за ліст ад жонкі.

Праваабаронцы, спасылаючыся на жонку зняволенага, паведамляюць, што цэнзар угледзеў у віншавальных паштоўках «палітычны падтэкст». Ліст быў знішчаны, а палітвязня адправілі ў ШІЗА.

Харашкевіч адбывае 4-гадовы прысуд за “распальванне сацыяльнай варожасці, абразу прадстаўніка ўлады, падрыхтоўку і арганізацыю групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак”. Яго ўтрымліваюць у Шклоўскай калоніі.

Дзяніс Дорах

Пра яго затрыманне паведамілі праўладныя тэлеграм-каналы.

У «пакаяльным відэа» ён «прызнаецца», што ў 2020 годзе ўдзельнічаў у акцыях пратэсту і перакрываў рух транспарту.

Ілля Даўгалец

Пра яго затрыманне таксама стала вядома з паведамлення ў праўладных тэлеграм-каналах.

На «пакаяльным відэа» ён кажа, што затрыманы з-за бел-чырвона-белай стужкі, якая вісела ў ягонай машыне, а дома ў яго былі «апазіцыйны сцяг, кепка і стыкеры».

У канцы відэа хлопца прымушаюць зняць стужку з салона машыны, паведамляюць праваабаронцы.

Хроніка прыхаванай рэальнасці. Суды, зняволенні, вызваленні

Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, мэдыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго.

________________________________________________________

Аляксандр Саўчанка

Паводле праваабаронцаў затрыманы па вяртанні з Польшчы. Прычына зняволення не вядомыя.

На «пакаяльным відэа» Саўчанка прызнаецца, што выходзіў на акцыі пратэсту ў 2020 годзе, аднак няма інфармацыі, за што яго затрымалі цяпер.

Праваабаронцы адзначаюць, што ў 2021 годзе ён адседзеў 10 дзён адміністрацыйнага арышту за фатаграфаванне адной з пратэсных акцыяў у горадзе. Пакаранне адбыў цалкам.

________________________________________________________

Віктар Хлябец

Асуджаны на 1,5 гады калоніі.

Паводле праваабаронцаў жыхара Бярозы асудзілі за тое, што ён у закрытым тэлеграм-чаце пад відэа з перастрэлкай паміж Зельцарам і супрацоўнікам КДБ пакінуў крытычны каментар.

На відэа была зафіксаваная спроба арышту Андрэя Зельцара, які пачаў страляць у сілавікоў, якія прыйшлі па яго. У выніку загінуў Зельцар і супрацоўнік КДБ.

________________________________________________________

Таццяна Мацвеева

Пасля трох дзён зняволення віцебская журналістка-фрылансер на волі. Але яе будуць па адміністрацыйнай справе.

Мацвеева больш за 20 гадоў працуе ў медыях, з 2013 да 2021 год была рэдактаркай TUT.by па Віцебскай вобласці.

________________________________________________________

Анджэй Пачобут

Паводле польскіх журналістаў іх беларускага калегу будуць судзіць за тое, што ён назваў напад СССР на Польшчу 17 верасня 1939 года савецкай агрэсіяй.

Журналіста, прызнанага праваабарончай супольнасцю палітзняволеным, арыштавалі 25 сакавіка 2021 года. Яму інкрымінуецца распальванне варожасці або варажнечы.

________________________________________________________

Андрэй Уткін

Асуджаны на два гады калоніі за перасыланне фотаздымка з расійскай ваеннай тэхнікаў аднаму з тэлеграм-каналаў.

Суддзя Руслан Царук прызнаў яго вінаватым у садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці.