Тэлеграм-канал магілёўскіх сілавікоў апублікаваў відэазапіс з удзелам магілёўскага блогера, фатографа і былога журналіста Алеся Сабалеўскага.
Як паведамлялі mogilev.media, гэты ролік быў запісаны пасля затрымання Сабалеўскага ў пачатку снежня 2023 года. Крыніцы выдання распавялі, што было дзве спробы запісаць відэа. Падчас першага дублю Алесь Сабалеўскі аб’ектыўна расказваў пра сваё супрацоўніцтва з рэдакцыяй рэсурса 6tv.by. У 2020 годзе ён рабіў інфармацыйныя матэрыялы для Youtube-канала 6tv.by, у тым ліку здымаў масавыя вулічныя акцыі пратэсту ў Магілёве.
На час выканання сваіх журналісцкіх функцый Сабалеўскім, рэсурс 6tv.by меў афіцыйную дзяржаўную рэгістрацыю і працаваў у Беларусі на законных падставах. Пасля 2020 года Алесь Сабалеўскі адышоў ад журналісцкай дзейнасці і перайшоў працаваць у прыватную камерцыйную арганізацыю. На момант затрымання сілавікамі ў снежні 2023 года ён займаў пасаду дырэктара фірмы па здачы ў арэнду прычэпаў для аўтамабіляў.
Супрацоўнікам ГУБАЗіК, якія праводзілі здымкі роліка, не спадабаліся фармулёўкі, з якіх вынікае законнасць і абгрунтаванасць дзеянняў Сабалеўскага ў 2020 годзе. Ён быў моцна збіты. Як паведамляюць сведкі, на целе былога журналіста яшчэ доўгі час заставаліся крывападцёкі. Пасля збіцця Сабалеўскага прымусілі запісаць новае відэа, у якім ён выкарыстоўвае прадыктаваныя сілавікамі словы. Характэрна, што ў адным з момантаў Алесь прагаворваецца, што супрацоўнічаў з 6tv.by да 2020 года, а потым “папраўляецца”, што да “цяперашняга часу”, такім чынам агаворваючы сябе.