Сапраўднае Купалле адсвяткуюць у Дрыбіне і Мсціславе – для астатніх рыхтуецца шклоўская версія

Хрысціяне праваслаўнай традыцыі адзначаюць свята Купалля ў ноч з 6 на 7 ліпеня. Гэтае першапачаткова паганскае свята трывала ўвайшло ў народны каляндар. З 2010-х гадоў яно паступова ператварылася ў афіцыйнае дзейства, якое мала чым нагадвае старажытнае купалле.

У архаічныя часы яно святкавалася ў дзень летняга сонцастаяння, якое прыпадае на 23 чэрвеня. У гэты ж дзень зараз святкуюць Купалле ў заходніх рэгіёнах краіны, дзе больш распаўсюджанай застаецца каталіцкая святочная традыцыя. Праваслаўнае насельніцтва змясціла святкаванне Купалля на ліпень у сувязі з доўгім выкарыстаннем юліянскага календара.

kormanews.by

На Магілёўшчыне пачынаючы з 2010-х гадоў гэтае свята паступова ператварылася ў персанальнае мерапрыемства “Александрыя збірае сяброў” і перастала наогул прывязвацца да народнага календара. Сёлета “Купалле” ў Александрыі запланаванае на 9-10 ліпеня.

sp-ao.shortpixel.ai

Ва ўмовах татальнага падпарадкавання ўладнай вертыкалі праграме купальскага фэста пад Шкловам, рэліктавымі і тым больш каштоўнымі выглядаюць спробы захаваць традыцыю народных гулянняў у некаторых рэгіёнах вобласці.

Так, 6 ліпеня народнае свята Купалля пройдзе ў Дрыбіне і Мсціславе. У Дрыбіне яно пачнецца ў 21.00 на вуліцы Раснянскай. Чакаюцца тэатралізаваная праграма, купальскі касцёр, пошукі “папараць-кветкі” і дыскатэка.

Такая самая праграма запланаваная ў Мсціславе на пляжы “Пяты пясочак”, пачынаючы з 21.30.

Фота: horki.info