Актыўны продаж унікальных артэфактаў заўважылі стваральнікі ініцыятывы “Спадчына” на платформе Telegram – магілёўскія прадаўцы выставілі на расійскіх інтэрнэт-пляцоўках пячныя “кароны”, кафлю. Мінкульт – “фактаў крадзяжу не зафіксавана”.
“Шэры” продаж беларускіх артэфактаў на папулярных інтэрнэт-пляцоўках цягнецца ўжо дзесяцігоддзямі, і гэты стыхійны працэс усё часцей вядзе да паступовага вымывання каштоўнасцяў з тэрыторыі нашай краіны. Характэрную карціну зафіксавалі энтузіясты, стваральнікі папулярнага Telegram-канала “Спадчына”.
“Аднойчы на аўкцыёне натыкнуўся на прыгожую кафляную карону. – піша аўтар канала – Яна была выраблена на знакамітым заводзе Песельніка ў Копысі. Прадукцыя завода ў 1896 была адзначана бронзавым медалём Усерасійскай выстаўкі ў Магілёве за высокую якасць. Яе пастаўлялі ў сам Пецярбург.”
Падобная пячная кафля – рэдкая сямейная спадчына, але ўсё ж яна часам сустракаецца ў старых пабудовах з пячным абсталяваннем. Верагодна, у Магілёве сфармавалася пэўная колькасць прыхільнікаў ці калекцыянераў, якія сталі ўласнікамі падобных упрыгожванняў і цяпер распрадаюць свае здабыткі.
Разрабаваная Беларусь застаецца донарам культурных каштоўнасцей
“На [розных] пляцоўках адшукалася з паўтузіны падобных высокамастацкіх вырабаў, як асобных карон і кафляў, так і поўных пячных камплектаў. Амаль на ўсіх клеймы копыскага завода. – працягвае аўтар канала “Спадчына”.
І амаль усе прадаваліся з Магілёва. Можа б і прайшоў міма “прыватнай уласнасці”, але, па-першае, для мяне відавочна, што такая кафля знятая не з сялянскай хаты, а з інтэр’ераў забяспечаных мяшчан, а мо і нават з прызнаных помнікаў архітэктуры Падняпроўскага рэгіёна. Па-другое, што мела вырашальнае значэнне, прадаўцы прапаноўвалі даставіць беларускую кафлю ў Маскву… Бедная, разрабаваная ўсімі Беларусь у 2023-м застаецца донарам культурных каштоўнасцей!”
Што варта адзначыць – бізнэс у магілёўскіх прадаўцоў (ці прадаўца) цягнецца і даўно, і досыць млява. Як бачна з даціроўкі на фотаздымках, выстаўленых на інтэрнэт-аўкцыёнах, асобныя экспанаты рахтаваліся да продажу яшчэ ў 2013 годзе.
Аўтар канала “Спадчына” напісаў звароты ў Магілёўскі і Віцебскі аблвыканкамы, каб праверылі, ці можна гэтыя культурныя каштоўнасці вывозіць з Беларусі без дазволу Міністэрства культуры, праверылі адкуль іх знялі, і паглядзелі ці не варта выкупіць іх для музеяў.
Аблвыканкамы тэмай не зацікавіліся
Аблвыканкамы, гледзячы па адказах, асабліва тэмай не зацікавіліся – маўляў, гаспадры каштоўнасцяў знялі элементы аздаблення са сваіх дамоў, у музях такая кафля і так ёсць, а грошай, каб яе выкупляць, як заўсёды няма. У ведамствах унутраных спраў адказалі, што заяваў аб выкраданні не было, значыць – усё законна. Адзінае, што даведаўся аўтар – што традыцыі копыскай кафлі рыхтуюцца надаць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.
Больш парадаваў адказ з міністэрства культуры. Там адказалі: “У дачыненні да пячных кафляў, згаданых у вашым звароце, магчымы толькі часовы вываз па-за межы Рэспублікі Беларусь.» Пераважнае права набыцця культурных каштоўнасцей застаецца за беларускай дзяржавай.
“У цяперашні час адна з усталяваных асоб звярнулася ў Музей гісторыі Магілёва з мэтай перадачы кафлі, другая – будзе выкарыстоўваць у інтэр’еры уласнага дома.”
То бок, выглядае, што міністэрства культуры і іншыя інстанцыі змаглі звязацца з людзьмі, якія выставілі на продаж беларускую кафлю з опцыяй дастаўкі ў Маскву, але службовых асоб задаволілі вусныя тлумачэнні пра добрыя намеры.
Фота: Telegram-канал “Спадчына”
One thought on “Рэдкая і каштоўная пячная кафля масава распрадаецца ў Расію з Магілёва”
Comments are closed.