У Магілёў.media звярнуліся жыхары вуліцы імя Мянжынскага з просьбай прымусіць камунальнікаў прыбраць мясцовы сквер. Па іх словах мясціна, якую з цяжкасцю прывялі да ладу, цяпер пераўтвараецца ў сметнішча.
«Ля кожнай лаўкі поўная сметніца. Птушкі расцягваюць смецце, а вецер разносіць яго па скверы. Мы і не ведаем, ці ёсць у нас смецяры», – абураюцца жыхары.
Па словах аўтараў ліста кожны з іх тэлефанаваў у «Кантакт-цэнтр 115», але плёну ад гэтага няма. Супрацоўнікі выслухоўвалі, абяцалі даць рады і на гэтым гісторыя сканчалася. Некаторыя з жыхароў, пішуць чытачы, бяруць пакеты і самі збіраюць расцягнутыя і развеяныя адыходы.
Магілёўцы спадзяюцца, што даведаўшыся з «апазіцыйнай прэсы» пра іх клопат чыноўнікі адрэагуюць.