Як паведамляе партал Каталіцкага касцёла на Беларусі catholic.by у ноч з 19 на 20 студзеня быў здзейснены акт вандалізму супраць адной з галоўных каталіцкіх святынь у краіне. Невядомымі былі пабітыя вокны катэдральнага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава ў Магілёве.
Былі пашкоджаныя вокны прэзбітэрыя, таксама разбітыя наскрозь шыбы капліцы Маці Божай Бялыніцкай і святога Антонія Падуанскага, у тым ліку пашкоджаныя вокны памяшканняў, дзе адбываюцца сустрэчы Легіёна Марыі і групы АА. Разбітыя вокны падвальных памяшканняў пад капліцай Маці Божай Бялыніцкай.
Парафія звярнулася з адпаведнай заявай у РАУС Ленінскага раёна горада Магілёва для расследвання акта вандалізму і прыцягнення да адказнасці невядомых зламыснікаў, якія яго ўчынілі.
“Хрысціянская візія” звяртае ўвагу на тое, што за апошнія гады выпадкі вындалізму супраць каталіцкіх храмаў пачасціліся. У красавіку 2021 г. невядомыя праніклі ў касцёл у Навалукомлі і напісалі зняважлівыя словы на сценах прэзбітэрыя. Гэта быў адзіны выпадак, калі вінаватыя былі знойдзены.
У маі 2021 г. невядомыя пералезлі праз агароджу курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і пашкодзілі дамафон, выбілі шыбу ў аўто, перавярнулі кветкі, зламалі ліхтар. У ліпені 2021 г. быў абакрадзены касцёл св. Ігнацыя Лаёлы ў Віцебску. Невядомыя праніклі ў будынак і скралі правады электраправодкі і акустычнай сістэмы. Злачынцы не былі знойдзены.
Фота: catholic.by