Мемарыяльны комплекс – гэта адносна малады помнік. Да сярэдзіны 1990-х гадоў ён абмяжоўваўся камнем К. Сіманава і абеліскам воінам 172-й стралковай дывізіі. Да 50-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, у 1995 годзе было пачата масштабнае будаўніцтва комплекса, якое завяршылася ў 2003 годзе.
Тады ж ветэранскія арганізацыі, гісторыкі і іншыя актывісты востра ставілі пытанне пра неабходнасць стварэння на Буйніцкім полі пастаяннай музейнай экспазіцыі. Гэтыя ініцыятывы прывялі да прыняцця рашэння адкрыць у 2004 годзе на мемарыяльным комплексе фотаэкспазіцыю, філіял Музея гісторыі Магілёва. Гэтая экспазіцыя працуе сезонна – з красавіка па кастрычнік – і мае вельмі сціплае памяшканне.
Масштабныя праекты пабудовы музейнага комплекса на Буйніцкім полі распрацоўваліся і праходзілі абмеркаванне на самых разнастайных узроўнях на працягу некалькіх апошніх дзесяцігоддзяў.
З ініцыятывай нарэшце ажыццявіць гэтую ідэю, на днях выступіў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка – паведамляе БелТА. Паводле слоў чыноўніка, на працягу 2022 года будзе распрацоўвацца канцэпцыя музея на Буйніцкім полі. 2023 год адведзены пад распрацоўку праектнай дакументацыі.
– Гэта будзе народная будоўля, да якой падключым жыхароў рэгіёна, арганізацыі і прадпрыемствы, выдзелім грашовыя сродкі з абласнога бюджэту. – выказаўся Ісачанка – У экспазіцыі знойдзе адлюстраванне гісторыя нашага краю, гісторыя нашых вёсак, якія пацярпелі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Раскажам гісторыі герояў нашай вобласці: нам ёсць кім і чым ганарыцца.
Мяркуецца, што сваёй формай новаствораны музей будзе нагадваць ордэн Айчыннай вайны, а акрамя музейнага накірунку, ён будзе ажыццяўляць таксама функцыі культурнай пляцоўкі. Назву музею яшчэ не падабралі, мяркуецца прыцягнуць грамадскасць да яе абмеркавання.