Парк Горького, Замковая гора, Могилев, Николай II

Музей цара ў Магілёўскім гарвыканкаме вырашылі падтрымаць – хоць ён незаконны і знішчае калыску горада

У Магілёўскім гарвыканкаме падведзены вынікі грамадскага абмеркавання праекта новага музея на Замкавай гары. Не падлічыўшы галасы праціўнікаў, праігнараваўшы іх аргументы, удзельнікі пасяджэння вырашылі працягваць распрацоўку праекта.

На афіцыйным сайце Магілёўскага гарвыканкама былі апублікаваныя вынікі грамадскага абмеркавання праекта «Рэканструкцыя парка імя Горкага з узвядзеннем музейнага комплексу і добраўпарадкаваннем тэрыторыі ў г.Магілёве». Нагадаем, што гэты праект прадугледжвае знішчэнне большай часткі парка Горкага, а культурны слой Замкавай гары, на якой паўстаў Магілёў, будзе амаль цалкам вынішчаны – пісалі mogilev.media. 

У чым праблема з праектам новага музея

Паводле праекта, на падземную частку музейнага комплекса прыходзіцца 2 650 квадратных метраў. Гэта значыць, што ўвесь гэты аб’ём зямлі будзе выкапаны з Замкавай гары, а гэта – тысячагадовы культурны слой таўшчынёй у некалькі метраў, які сведчыць пра самую раннюю і сярэдневяковую гісторыю магілёўскага замка.


Беларускае заканадаўства ў галіне аховы гісторыка-культурнай спадчыны адназначна забараняе будаўніцтва нейкіх новых аб’ектаў на тэрыторыі падобных археалагічных помнікаў.  Так, у Кодэксе аб культуры Рэспублікі Беларусь гаворыцца наступнае:

“Уласнiку (карыстальнiку) матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцi, землекарыстальніку, на зямельным участку якога размешчана нерухомая матэрыяльная гісторыка-культурная каштоўнасць, забараняецца:

  • знiшчаць гісторыка-культурную каштоўнасць;
  • дапускаць прычыненне шкоды, змяненне гісторыка-культурнай каштоўнасцi, выконваць навукова-даследчыя і праектныя работы без дазволу на выкананне навукова-даследчых і праектных работ на матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцях…”

Акрамя пагрозы культурнаму слою, праект прадугледжвае практычна поўнае знішчэнне парка Горкага – адзінай у цэнтры горада зялёнай зоны адпачынку з высокімі дрэвамі. Гэта можа падацца нязначным аргументам, аднак варта ўлічыць, што адсутнасць прыстойнага парка ў Магілёве – адна з непрыемных асаблівасцяў нашага горада, на якую пастаянна звяртаюць увагу і жыхары і госці абласнога цэнтра. Для таго, каб запоўніць гэтую лакуну, парку ў Падміколлі спатрэбяцца яшчэ дзесяцігоддзі развіцця і роста.

Замест зоны адпачынку і археалагічнага помніка, жыхарам горада прапанавалі ўзвядзенне новага музейнага комплекса, прысвечанага гадам перабывання ў Магілёве Стаўкі Мікалая ІІ ў гады Першай Сусветнай вайны. Трэба адзначыць, што гэты перыяд і так ужо даволі поўна адлюстраваны ў экспазіцыях ужо існуючых музеяў Магілёва – у абласным краязнаўчым музеі імя Е. Раманава і ў Музеі гісторыі Магілёва, размешчаным у гарадской ратушы. 

Асоба Мікалая ІІ – рэлігійны, апатычны, супярэчлівы

Асоба Мікалая ІІ, якую шануюць прадстаўнікі праваслаўнай абшчыны, выклікае мноства спрэчак і неадназначных ацэнак у асяродках прафесіяналаў. У Магілёве ўжо шмат разоў абмяркоўваліся ідэі ўшанавання памяці апошняга расійскага імператара. На гэтых пасяджэннях, калі была магчымасць выслухаць не толькі шанавальнікаў, але таксама і крытыкаў гістарычнай постаці цара, звярталася ўвага на наступныя акалічнасці.

Пры тым станоўчым вобразе, які малюецца вакол персоны Мікалая ІІ Раманава як цудоўнага сем’яніна і глыбока рэлігійнага чалавека, трэба ўлічваць, што пры ім:

  • развалілася Расійская імперыя;
  • краіна фактычна прайграла Першую Сусветную вайну;
  • няўмелая ўнутраная палітыка прывяла да сацыяльнага калапсу, што вылілася ва ўсталяванне дыктатуры радыкальнай палітычнай партыяй – бальшавікоў.

Сама асоба цара выклікае таксама наступныя прэтэнзіі – ён апусціў рукі, калі трэба было дзейнічаць і ратаваць краіну ад хаосу. Ва ўмовах, калі дзяржава патрабавала жорсткага рэфармавання, цар фактычна пусціў усе працэсы на самацёк. Характэрны прыклад – Мікалай ІІ да апошняга супраціўляўся ўвядзенню ў краіне прагрэсіўнага падатку для буйных землеўладальнікаў, які мог паспрыяць паляпшэнню эканамічнай сітуацыі. Тлумачыцца гэта проста – самымі буйнымі землеўладальнікамі ў Расійскай імперыі былі самі Раманавы.

Усе гэтыя аргументы ўжо неаднаразова ратавалі Магілёў ад маргінальных ідэяў пра будаўніцтва ў горадзе якіх-кольвек значных помнікаў цару. Але, пасля 2020 года ў Магілёве, відаць, прыслухоўвацца сталі больш не да спецыялістаў, а менавіта да маргіналаў. Пра што сведчыць і праведзенае нядаўна абмеркаванне праекта «Рэканструкцыя парка імя Горкага з узвядзеннем музейнага комплексу і добраўпарадкаваннем тэрыторыі ў г.Магілёве».

З 143 галасоў супраць залічылі толькі 5

Па выніках грамадскага абмеркавання Камісія прыняла рашэнне рэкамендаваць да рэалізацыі праект музея. Як можна пабачыць, у пратаколе значацца наступныя лічбы – “супраць” выступілі 5 чалавек, “за” – 498.

Пры гэтым адзначаецца, што з 498 галасоў “за” 491 чалавек – гэта падпісанты калектыўнага зварота. Верагодна, гэта былі подпісы людзей, пакінутыя ў падпісных лістах пры цэрквах, а таксама сабраныя актывістамі. Але, магчыма, што ў зборы гэтых подпісаў удзельнічаў і адміністратыўны рэсурс. 

У той жа час на пасяджэнні камісіі па грамадскім абмеркаванні быў праігнараваны той факт, што магілёўцы стварылі петыцыю супраць будаўніцтва новага музейнага комплекса, якую падпісалі 143 чалавекі. Галасоў “супраць” налічылі ўсяго пяць.

“Што ж, кіраўніцтва горада будуе сабе той жа помнік, што збудаваў сабе некалі старшыня Віцебска, які загадаў узарваць помнік XII стагоддзя – нашчадкі вам гэтага ніколі не даруюць.” – пракаментавалі сітуацыю на тэлеграм-канале “Спадчына”.

Фота: Магілёўскі гарвыканкам