прогноз погоды, грозы, сильный ветер

Моцны вецер і навальніцы – прагноз надвор’я на новы тыдзень

Канец ліпеня пройдзе на Магілёўшчыне пад знакам цыклона, што вандруе з Балтыйскага рэгіёна.

У панядзелак 29 ліпеня на тэрыторыі Беларусі будзе назірацца перамяшчэнне цыклона, які ідзе з Латвіі ў бок Смаленскай вобласці. У сувязі з гэтым па большай частцы нашай краіны чакаюцца дажджы і навальніцы, часам моцны вецер – прагназуюць у Белгідраметэацэнтры. Тэмпература паветра ў панядзелак складзе каля +19°С днём.

30 ліпеня надвор’е на Магілёўшчыне па-ранейшаму будзе вызначаць цыклон, цэнтр якога перамясціцца на Бранскую вобласць. На большай частцы тэрыторыі краіны чакаюцца дажджы, ноччу месцамі моцныя дажджы. У асобных раёнах краіны прагрымяць навальніцы. Тэмпература паветра ноччу чакаецца каля +14°С, днём да 22°С.

Днём 31 ліпеня будзе назірацца змяншэнне ўплыву цыклона, але захаваецца воблачнае, дажджлівае надвор’е. Тэмпература паветра складзе каля +16°С ноччу і да +23°С днём.

Воблачнае з праясненнямі надвор’е чакаецца і ў першыя дні жніўня па Магілёўскім рэгіёне. Тэмпература паветра – камфортныя +23°С – +24°С днём па большай частцы тэрыторыі. Магчымыя дажджы. У апошнія дні тыдня крыху пацяплее да +25°С.