Над механізмам працавалі паўтара дзясяткі чалавек, а папярэдні быў зроблены адным майстрам – з металалома. Яго абслугоўванне абыходзілася гораду ў 50$ у месяц.
Як паведамлялі mogilev.media гарадскія ўлады абвясцілі, што вежавы гадзіннік на Тэатральнай плошчы ў Магілёве рамантуецца. Хоць ён і не быў паламаны, а прастойваў з-за звальнення знакамітага гадзіннікавага майстра Генадзя Галоўчыка.
Пятнаццаць чалавек на адзін гадзіннік
Магілёўская рэдакцыя тэлеканала “Беларусь-4” распавяла, што над новым электронным механізмам гадзінніка тры тыдні працавалі 15 чалавек. У яго з’явіўся новы “галоўны гадзіннікавы майстар” – вынікае з паведамлення ў Тэлеграм-канале “Могилев – мой город”. Яго завуць Андрэй Дубровін.
Гэта адзначае, што механізм вежавага гадзінніка, які 30 гадоў таму быў зроблены майстар Генадзем Галоўчыкам быў дэмантаваны.
Нагадаем, у 1992 годзе Галоўчык аднавіў гадзіннік на Тэатральнай плошчы пасля таго, як ён прастойваў дзясяткі гадоў – механізм проста разабралі дзеці на дэталі, бо ўваход у яго памяшканне быў вольны. Генадзь Галоўчык зрабіў цалкам новы механізм, выкарыстаўшы металалом з “Магілёўчормета”.
Гэты гадзіннік без паломак адпрацаваў у горадзе да 2021 года. У апошнія гады працы яго абслугоўванне абыходзілася гарадскому бюджэту ў суму, эквівалентную 50$ – менавіта столькі атрамліваў Галоўчык, працуючы на палову стаўкі ў ЖЭУ і адказваючы за працу гадзінніка. Пасля звальнення майстра, спыніўся і механізм.
Новы механізм паламаўся ўжо назаўтра
У якую суму абыйшлося гарадскому бюджэту ўсталяванне цалкам новага механізма і колькі будзе каштаваць яго абслугоўванне надалей – не паведамляецца.
Варта адзначыць, што адразу пасля ўводу ў эксплуатацыю новы электронны механізм гадзінніка пачаў даваць збоі.
Так, гадзіннік быў афіцыйна запушчаны 13 студзеня на Стары Новы год, а ўжо вечарам 14-га не працаваў – паведамілі чытачы mogilev.media. Таксама перастала працаваць яго новая начная падсветка. На наступны дзень, 15 студзеня гадзіннік ужо ішоў правільна, аднак падсветку так і не адрамантавалі.
Фота: “Могилев – мой город”