Маладыя магілёўскія музыкі выступілі на пешаходнай вуліцы без прыгляду міліцыі. Выйшла класна. Фотарэпартаж

Вольную сцэну размясцілі ў падворку музею Бялыніцкага-Бірулі. Раз на год дырэкцыя гэтай установы арганізуе імпрэзу для музыкаў, якія ўжо паспелі сябе паказаць і тых хто толькі выпраўляюцца ў свет па вядомасць.

Распачаў канцэрт маладзёвы духавы аркестр, за ім гралі гітарысты, рок-і-фолькгурты, барды. Спяваліся як вядомыя кампазіцыі, так і песні, напісаныя, літаральна, перад самым канцэртам.

Тут жа працавала выстава, на якой прадавалі значкі з надпісамі па-беларуску.

 

Публіка добразычліва вітала творчасць музыкаў. Атмасфера была разняволенай, нават нязвыкла вальяжнай. Гледачоў, праўда, было не багата, бо рэкламы канцэрту не было.

Ідэя падобных канцэртаў на пешаходнай вуліцы абмяркоўваецца шмат гадоў. Мелодыі вулічных музыкаў ствараюць непаўторны каларыт пешаходнай вуліцы.

Дастаткова дазволу ўлады, каб гарадскі цэнтр стаў па святочнаму адметным. Чыноўнікі ж імкнуцца ўсё кантраляваць.

У выніку ўсе задумы затухаюць, як пра іх абвяшчаюць. Нават спроба БРСМ ажыццявіць праект «Ленінская онлайн» і выцягнуць музыкаў на вуліцу правалілася гадоў 10 таму. 

Свабода творчасці не выносіць дзяржаўнага рэгулявання, яна яму супрацьстаіць.