Магілёў спрабуе актывізаваць супрацоўніцтва з расійскім Хабараўскам

Мары і рэчаіснасць пакуль не супадаюць.

Магілёў і Хабараўск падпісалі 2 красавіка 2008 года намер аб супрацоўніцтве паміж двума гарадамі. Ва ўмовах санкцый свабодных дзяржаў супраць Расіі і Беларусі вельмі актуальнай для апошніх стала прага да рэалізацыі сумесных праграм імпартазамяшчэння.

Беларуская дэлегацыя пад кіраўніцтвам намесніка старшыні Магілёўскага аблвыканкама Руслана Страхара наведвае Хабараўскі край Расійскай Федэрацыі. Мэта – паглыбленне супрацоўніцтва.


Даведка: Хабараўск (на фота) — горад у Расіі. Адміністрацыйны цэнтр Далёкаўсходняй федэральнай акругі і Хабараўскага краю. Порт на рацэ Амур. Буйны прамысловы і культурны цэнтр. Насельніцтва 579,0 тыс. чал. (2005 г.).


З дакладамі аб міжмуніцыпальным партнёрстве Хабараўска і Магілёва, як напісаў Веснік Магілёва”, у рэжыме анлайн выступілі старшыня Магілёўскага гарадскога выканаўчага камітэта Аляксандр Студнеў і мэр Хабараўска Сяргей Краўчук.

Што ўдалося зрабіць

Па магчымасці прадстаўнікі абодвух бакоў прымаюць удзел ва ўрачыстасцях, прысвечаных Дням гарадоў. Так, у рамках мерапрыемстваў, прысвечаных Дню горада і Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, у Магілёве сустракалі дэлегацыі школьнікаў Прыморскага краю і Хабараўска.

У бягучым годзе Магілёўскі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі прымаў завочны ўдзел у Міжнародным форуме “Здаровы горад. Найлепшыя практыкі па захаванні здароўя насельніцтва» з дакладам па тэме «Вопыт працы па стварэнні здаровага гарадскога асяроддзя ў г. Магілёве». 

У ліпені бягучага года ў Хабараўску адбыўся адкрыты чэмпіянат Расіі па цяжкай атлетыцы, у якім удзельнічалі беларускія спартсмены. Два медалі заваявалі прадстаўнікі горада на Дняпры.

Бакі адзначылі, што нягледзячы на ​​рост аб’ёму знешняга гандлю ў 3,5 разы за 2021 год, ён склаў усяго $95 тыс. і быў прадстаўлены толькі экспартам. Для параўнання ў бягучым годзе – $23 тыс., або 136 працэнтаў да параўнальнага перыяду мінулага года. Аднак гэтага недастаткова, тут ёсць над чым сумесна працаваць.

Падводзячы вынікі, трэба прызнаць, што супрацоўніцтва пакуль здзяйсняецца больш на паперы, чым у рэальнасці. 

Перспектывы

Кіраўнікі абодвух гарадоў выказалі меркаванне аб неабходнасці развіцця дзелавых сувязяў і ўзаемнага гандлю. У прыватнасці, расійскі бок зацікаўлены ў пастаўках на Далёкі Усход малочнай, мясной і іншай прадукцыі беларускіх прадпрыемстваў.

Аляксандр Студнеў унёс прапанову аб распрацоўцы “Дарожнай карты” па супрацоўніцтве Магілёва з Хабараўскам з замацаваннем адказных па рэалізацыі мерапрыемстваў, накіраваных на актывізацыю двухбаковых адносін.

Акрамя таго, стала вядома, што ў рамках Міжнароднага інвестыцыйнага форуму “Млын поспеху”, які пройдзе ў Магілёве 24-25 лістапада, плануецца падпісаць Пагадненне паміж Магілёўскім гарвыканкамам і адміністрацыяй горада Хабараўска аб супрацоўніцтве ў гандлёва-эканамічнай, навукова-тэхнічнай і культурнай сферах, што стане закладам супрацоўніцтва ў будучыні.

Пажадаем нашаму цяляці, як казалі нашы продкі, ваўка з’есці. 

Фота: Ілья Варламаў, серыя “Плохой Хабаровск”