Магілёўскую клініку “Новы зрок” прададуць з аўкцыёна

Маёмасць медыцынскага цэнтра “Новы зрок” у Беларусі была канфіскаваная і цяпер распрадаецца па рашэнні суда. Заснавальніка папулярнай сеткі клінік абвінавацілі ў “экстрэмізме”, завочны суд прызначыў яму 12 гадоў турмы.  

Па ўсёй Беларусі выстаўляецца на продаж маёмасць зачыненага медыцынскага цэнтра “Новы зрок”. Гандаль за памяшканне афтальмалагічнага цэнтра ў Магілёве будзе праходзіць 24 красавіка на пляцоўцы “БелЮрЗабеспячэнне”, стартавы кошт складае 734 тысячы рублёў. Раней будынак “Новага зроку” выставілі на продаж у Гомелі. 

Не стаў плаціць дзясяткі мільёнаў хабару

У лістападзе 2024 года заснавальніка гэтага цэнтра Алега Каўрыгіна абвінавацілі па дзевяці артыкулах Крымінальнага Кодэкса. Сярод іх – садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці, дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь, заклікі да санкцый. У выніку яго асудзілі завочна, да 12 гадоў турмы. Акрамя палітычных артыкулаў, яму выставілі таксама эканамічныя абвінавачванні, а яшчэ чатырох супрацоўнікаў цэнтра асудзілі да пазбаўлення волі тэрмінам да трох гадоў і шасці месяцаў калоніі з адтэрміноўкай.

Перад гэтым у паспяховага мэдыцынскага цэнтра Міністэрствам аховы здароўя была адабраная ліцэнзія на дзейнасць па аказанні афтальмалагічных паслуг. Прычынай пераследу з боку ўладаў, па меркаванні Алега Каўрыгіна, стала яго “недамоваздольнасць” – адмова плаціць хабар у 30 мільёнаў даляраў чыноўнікам, плюс 20 мільёнаў штрафу ў казну. 

Олег Ковригин
Алег Каўрыгін

Разграмілі чыноўнікі, а церпяць пацыенты

Медыцынскі цэнтр “Новы зрок” пачаў сваю працу ў Беларусі ў 1999 годзе. За два дзясяткі гадоў працы гэтая спецыялізаваная сетка клінік здабыла ў Беларусі добры імідж сярод кліентаў. Так, сярэдняя ацэнка магілёўскага філіяла гэтага медыцынскага цэнтра на сервісе Google.maps паказвае прыстойную лічбу ў 4,8 з пяці зорачак па выніках дзясяткаў адзнак. Для параўнання, іншыя прыватныя клінікі ў Магілёве, параўнальныя з “Новым зрокам” па маштабах, ацэньваюцца кліентамі больш сціпла. “Новамед”, напрыклад, мае ацэнку ў 3,4 зорачкі, “Элізабет” – 3,9, “А-Клінік” – 4,5.

Зараз у Магілёве зрабіць карэкцыю зроку можна ў дзяржаўных бальніцах і прыватных медыцынскіх цэнтрах. Аднак пасля закрыцця “Новага зроку” пацыенты пазбаўленыя магчымасці звярнуцца ў адзіную спецыялізаваную і прыватную ўстанову, з высокім узроўнем прафесіяналізму і даверу.

Суразмоўцы mogilev.media, жыхары Магілёва, якія планавалі паправіць свой зрок, расказваюць, што з закрыццём гэтага медцэнтра яны апынуліся ў разгубленасці. Незразумела, ці можна ў поўнай меры даверыцца спецыялістам іншых цэнтраў.

“Галіна мікрахірургіі проста разбураная. – падзяліўся сваімі ўражаннямі пра сітуацыю з лячэннем праблем зроку ў Беларусі Алег Каўрыгін у сваім інтэрв’ю “Радыё Свабодзе” –  І калі б яны сказалі, што „зразумелі сваю памылку, акажам вам дапамогу“ і калі б у мяне з’явілася жаданне, дык нават спецыяліст добрага ўзроўню будзе аднаўляць гэта пяць гадоў.”

Фота: БелЮрЗабеспячэнне і Courtesy Photo