Магілёўскі дзяржаўны абласны інстытут развіцця адукацыі выпусціў першую групу слухачоў на курсах павышэння кваліфікацыі для сябраў выбарчых камісій. Пра падрыхтоўку на курсах “Тэорыя і практыка выбарчага працэсу ў Рэспубліцы Беларусь” сваёй зямлячкі, напісала краснапольская газета “Чырвоны сцяг”.
Адзначаецца, што падобная тэматыка і форма правядзення заняткаў была прымененая ў Беларусі ўпершыню. Навучанне па гэтай адукацыйнай праграме пройдуць усе педагагічныя работнікі, якія ўдзельнічаюць у падрыхтоўцы і правядзенні выбараў і рэспубліканскіх рэферэндумаў – старшыні, намеснікі старшынь, сакратары камісій.
Навучальная праграма ўключае ў сябе пытанні канстытуцыйна-прававых асноў выбарчага працэсу, юрыдычных аспектаў работы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб у час выбарчай кампаніі – піша выданне.
Нагадаем, што пачынаючы з 1994 года ніводная выбарчая кампанія ў Беларусі не адпавядала стандартам міжнародных прававых арганізацый, іх вынікі не былі прызнаныя ЗША, краінамі Еўрапейскага Саюза. Гаворка не толькі пра 2020 год. Яшчэ з першых гадоў праўлення Лукашэнкі выбарчыя кампаніі праходзілі ў атмасферы ператрусаў, канфіскацыі аргтэхнікі і агітацыйнай прадукцыі апазіцыйных кандыдатаў. Шырока практыкаваліся звальненні з працы і выгнанне з універсітэтаў грамадскіх актывістаў, разгон агітацыйных пікетаў. Падлікі, якія праводзілі члены выбарчых камісій стабільна, яшчэ з 2001 года не супадалі з падлікамі незалежных назіральнікаў, але скаргі апошніх заўсёды ігнараваліся Цэнтральнай выбарчай камісіяй.
Павышэнне кваліфікацыі ў фарсе, які афіцыйныя крыніцы называюць выбарчым працэсам у Беларусі – бадай, вышэйшая ступень цынізму з боку арганізатараў татальных фальсіфікацый.
Фота: Юрый Васкрасенскі, старонка ў Facebook