Магілёў, Бабруйск, Чэрыкаў і нават Вішоў – назвалі самыя добраўпарадкаваныя населеныя пункты Беларусі

У чатырох катэгорыях з пяці пераможцамі аказаліся гарады і адзін аграгарадок з Магілёўскага рэгіёна. 

29 траўня Савет Міністраў Беларусі абвясціў вынікі рэспубліканскага агляду санітарнага стану і добраўпарадкавання населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь. У першай катэгорыі перамогу святкаваў горад Магілёў – піша Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал. Па другой катэгорыі першае месца падзялілі паміж сабой Бабруйск і Салігорск. У ліку лепшых па трэцяй катэгорыі самы высокі бал аказаўся ў Чэрыкава. 

Сярод населеных пунктаў сельскага тыпу ў шэрагі пераможцаў трапіў аграгарадок Вішоў Бялыніцкага раёна. Даволі нечаканы вынік, калі ўлічыць, што на загалоўным фота мы можам пабачыць, у якім стане знаходзіцца царква святых Пятра і Паўла канца XVIII – пачатку ХІХ стагоддзяў у Вішове.

Фота: budgawl.livejournal.com