Краснаполле адзначае юбілей – знаёмімся з горадам

Паселішча з адным адзіным прамысловым прадпрыемствам і з ментальным вінегрэтам, дзе пераплятаецца савецкасць, прыхільнасць да рускай культуры і тутэйшы культурніцкі пласт.

Сёлета Краснаполле адзначае юбілей – 215 год з часу заснавання.

Першыя звесткі аб узнікненні гандлёва-рамеснага паселішча на месцы сённяшняга раённага цэнтра на падставе гісторыка-археалагічных дадзеных адносяцца да 1707 года. З 1773 года Краспаполле ўвайшло ў склад Чэрыкаўскага павета Мсціслаўскага ваяводства. З 1774 года краснапольскія землі спачатку пэўны час належалі князю Аляксандру Галіцыну, а пасля перайшлі ва ўладанне фаварыта расейскай імператрыцы Кацярыны ІІ Рыгора Пацёмкіна.

Ужо да 1846 года мястэчка Краснаполле было вядома як буйны гандлёва-рамесны цэнтр ўсходняй Магілёўшчыны, куды з’язджаліся не толькі мясцовыя, але і расійскія і ўкраінскія купцы, асабліва ў дні кірмашоў. 

У другой палове 19-га стагоддзя Краснаполле ўваходзіла ў склад Чэрыкаўскага павета Магілёўскай губерні і належала Бенкендорфам. Тут знаходзіліся народнае вучылішча, аптэка, сельская бальніца на 20 месцаў, тры скураныя майстэрні і броварня, 3 гарбарных і 9 маслабойных заводаў, вадзяны млын. На 1890 год у мястэчку было 412 будынкаў, штогод праводзілася чатыры кірмашы. Па дадзеных усеагульнага перапісу насельніцтва 1897 года мястэчка Краснаполле налічвала больш за 3 тысячы жыхароў, аднак у асноўным гэта было яўрэйскае насельніцтва.

У савецкі час, нягледзячы на тое, што Краснаполле стала раённым цэнтрам, мястэчка заставалася невялікім. Тут не было створана буйной прамысловасці, пагэтаму прыток насельніцтва быў невялікім. Тым не менш за савецкім часам Краснаполле вырасла амаль ў два разы, аднак працягвала заставацца маленькім мястэчкам Магілёўшчыны.

Найменне горада

Ёсць дзве версіі паходжання назвы Краснаполле. Адна з іх звязваецца з “Красным полем” – месцам бітвы Пятра І са шведамі ў Паўночнай вайне. Нездарма ў розных частках мястэчка на сёння можна пабачыць драўляныя гарматы з выявай сучаснага герба Краснаполля. Другая версія тлумачэння тапоніма “Краснае поле” –  месца, якое багатае чырвонай глінай.

Аднак варта адзначыць, што ў пісьмовых крыніцах паселішча згадваецца таксама пад назвай Маластоўка па найменню рэчкі, што цячэ праз мястэчка. Напрыклад, пад такой назвай узгадваецца сучасны раённы цэнтр у 1784 годзе. Праўда ў далейшым паселішча ўжо фігуруе пад назвай Краснаполле.  Якая назва больш гістарычная і  аўтэнтычная – гэтае пытанне застаецца адкрытым.

 

Герб БССР, маленькая плошча з помнікам Леніну і шыльда Пушкіну

Краснаполле – адзіны горад у Магілёўскай вобласці, у якім на будынку мясцовага райвыканкама дагэтуль размешчаны герб не Рэспублікі Беларусь, а Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Ды і сам райвыканкам можа здзівіць бэзава-шэрай расфарбоўкай фасада, што не характэрна для раённых адміністрацыйных будынкаў.

Зусім недалёка ад мясцовага райвыканкама, на невялікай местачковай плошчы, размешчаны мармуровы помнік правадыру камуністаў – Уладзіміру Леніну. Прычым выгляд помніка стварае ўражанне, што ўсталяваны ён быў недзе 10-15 год таму, настолькі добрая яго захаванасць. Вобраз Леніна ў скульптурнай выяве выглядае досыць стрыманым: худы і высакаваты, з завостраным тварам, без ускінутай уверх рукі, а наадварот схаванай у кішэні верхняга адзення.

Цэнтральная плошча мястэчка, на якой знаходзіцца помнік правадыра пралетарыята, выглядае вельмі сціплай, з простай забудовай. Больш за тое, яе не замасцілі пліткай, а пакінулі у адзежы старога асфальта.

У цэнтра горада таксама размешчаны будынак Белпошты, адметны тым, што на ім знаходзіцца шыльда, якая ўсталявана з нагоды 200-годдзя з часу нараджэння Аляксандра Пушкіна. Гэта круглая дата адбылася яшчэ ў 1999 годзе, калі і была ўсталявана шыльда на будынку пошты. Натуральным чынам класік рускай літаратуры не мае ніякага дачынення да Краснаполля, нават гіпатэтычнага.

Працягам савецкай спадчыны з’яўляецца ваданапорная вежа з зоркай, якая знаходзіцца ў канцы мястэчка на вуліцы Энергетыкаў. Вежа ўяўляе цікавасць менавіта ў спалучэнні з зоркай, бо архітэктурна яна выглядае досыць стандартна.

 

Аддаленасць, неразвітая прамысловасць, аграэстэтыка

Гарадскі пасёлак Краснаполле пяты з канца спіса раённых цэнтраў Беларусі, па колькасці насельніцтва ў рэспубліцы, але ўзначальвае найменш населены раён краіны, які сур’ёзна пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Больш за тое, Краснапольскі раён аддалены ад ўсіх транзітных трас і чыгуначных дарог, а таксама не мае развітой прамысловасці.

Яшчэ адносна нядаўна ў мястэчку былі размешчаны камбінат будматэрыялаў і апрацоўкі ільну, масларобны і агароднінасушыльны заводы, а таксама хлебазавод, аднак іх дзейнасць была спынена з прычыны нерэнтабельнасці. Толькі ўявіце сабе, што раён не выпускае свайго хлеба і яго завозяць з суседніх раёнаў. На сайце райвыканкама белым па чорнаму напісана: “У Краснапольскім раёне ажыццяўляе вытворча-гаспадарчую дзейнасць адна прамысловая арганізацыя – Краснапольскае унітарнае вытворчае камунальнае прадпрыемства “Жылкамунгас”.

Прадстаўлена ў Краснаполлі ў шырокім выглядзе і аграэстэтыка. Паселішча адзначаецца тым, што ў мястэчку шмат размаляваных у розныя колеры камянёў, што, здаецца, больш нідзе столькі не ўбачыш, хоць мястэчка па тэрыторыі дастаткова маленькае. Для аматараў рознакаляровага ўспрыняцця свету Краснаполле будзе сапраўдным раем на Зямлі, дзе камяні размаляваны ва ўсе колеры вясёлкі.

 

Адметнасці раённага цэнтра

Маленькае Краснаполле адметна тым, што ў ім штогод праводзіцца міжрэгіянальны фестываль аматарскіх тэатраў «Тэатральныя вечары». «Тэатральныя вечары» прадстаўлялі сабой своеасаблівы форум, месца для абмеркаванняў тэатральных праблем, спектакляў, для ўстанаўлення зносін акцёраў, рэжысёраў, аматараў тэатральнага мастацтва. 

З 2013 года фестываль праводзіцца штогод і мее статус міжрэгіянальнага. Ён аб’ядноўваў аматарскія тэатры розных напрамкаў з усіх куткоў нашай краіны і краін замежжа. У 2018 годзе прайшоў VII Міжрэгіянальны фестываль аматарскіх тэатраў «Тэатральныя вечары», які быў прымеркаваны да 100-годдзя Краснапольскага народнага тэатра. Нездарма каля жоўтага будынка мясцовага цэнтра культуры размешчана малая архітэктурная форма ў выглядзе двух масак як сімвалаў фестываля.

Штогод у Краснаполлі таксама праводзіцца фестываль народных промыслаў і раместваў «Краснапольскі глечык». Яго асноўныя мэты – выяўленне і падтрымка таленавітых самабытных майстроў народнай творчасці Краснапольшчыны, а таксама адраджэнне, захаванне і развіццё творчасці майстроў Магілёўскага краю, падтрымка лепшых узораў народнай творчасці. У Краснаполлі для адраджэння ганчарнага промыслу стварылі нават ганчарную мастэрню, у якой спецыялісты могуць даць майстр-клас па вырабе не толькі ганчарнага посуду, але і вырабе гліняных цацак-свісцёлак. Сімвалічна, што на гербе раённага цэнтра размешчана выява залатога гарлача.

Сярод іншых адметнасцяў адзначым шэраг старых будынкаў канца ХІХ — пачатку ХХ стст. Прычым у адным з такіх будынкаў знаходзіцца мясцовы гісторыка-этнаграфічны музей, які налічвае пяць экспазіцыйных і выставачных залаў, якія падрабязным чынам знаёмяць з мінулым Краснапольшчыны. 

Адзначым таксама яўрэйскія могілкі, якія знаходзяцца фактычна ў ваколіцах мястэчка, што некалі былі важным месцам, бо яўрэйскае насельніцтва стагоддзе таму складала значную частку жыхароў мястэчка.