Карты, шнапс, жанчыны і неверагодная прыгажосць архітэктуры ды краявідаў. Якім пабачыў Магілёў амаль 100 гадоў таму сябар Цвейга і Рэмарка

Падборку артыкулаў нямецкага пісьменніка Ганса Захачовера, які ў складзе нямецкай арміі апынуўся на нашых землях у 1918 годзе, знайшоў і апублікаваў Алег Давід Лісоўскі.

«Гэты горад – ферзь, панна сярод дняпроўскіх гарадоў. Аднак не старая панна, на твары якой гісторыя намалявала зморшчыны, якія павінна прысыпаць і схаваць пудра. Не, гэта хутчэй юная каханка, поўная свежасці, любові да жыцця, і з маленькім, вострым пачуццём уласнай годнасці!» – пісаў у нататках для газеты 10-й нямецкай арміі ландсштурман Ганс Захачовер у чэрвені 1918 года.

Сабор Трох Свяціцеляў на фотаздымку нямецкага салдата ў 1918 годзе

У армейскай газеце выйшлі яго кароткая нататка і вялізны артыкул l з падрабязным апісаннем гісторыі гораду, характарыстыкай бягучага стану падзеяў пасля рэвалюцыі і трапнымі назіраннямі за норавамі і побытам магілёўцаў.

«Позірк з Дняпра на вытанчана і велічна асветлены белымі цэрквамі, востраканечнымі вежамі і ззяючымі купаламі горад робіць вялікае ўражанне і захапляе прывабнасцю фарбаў. – у захапленні пісаў аўтар – Аблічча гораду ажыўляе вялікая колькасць цэркваў, белыя будынкі якіх ззяюць сваім уласным святлом і ўражваюць вочы і розум значна глыбей, чым, напрыклад, стракатыя цэрквы ў Менску».

Падборку артыкулаў Ганса Захачовера знайшоў і пераклаў калекцыянер і рупліўца магілёўскай спадчыны, філантроп з Аўгсбурга Алег Давід Лісоўскі. Свае пераклады, багата праілюстраваныя фотаздымкамі і малюнкамі часоў нямецкай акупацыі гораду ў 1918 годзе, ён размясціў у сваім блогу і на тэматычных старонках у Facebook.

 

Магілёў у вачах нямецкага салдата паўстае горадам ваенных

«У Магілёве, як таксама і ў Менску, знаходзіцца шмат расейскіх афіцэраў. І паколькі яны не атрымліваюць жалавання, і мала хто з іх дастаткова заможны, каб плаціць фантастычныя кошты дзеля забеспячэння жыцця, то яны цягнуць вартае жалю існаванне і харчуюцца з вулічнай працы, продажу газет і падобных заняткаў.

 

Таксама, горадам разбэшчаных расійскіх чыноўнікаў

«Магілёў быў сапраўды горадам чыноўнікаў; цэнтрам дзяржяржаўных установаў. Аднак, трэба дадаць, цэнтрам расійскіх дзяржаўных установаў. І можна сабе ўявіць, што карты, шнапс і «жанчыны» ігралі для іх асноўную ролю, а ад духоўнага развіцця тут адмаўляліся з такой мужнасцю, якой, слава Богу, немцам ніколі не дасягнуць».

Дубравенка на здымку невядомага нямецкага салдата

 

І, канечне, горадам колішняй царскай Стаўкі

Жыхары гораду, для якіх паводле іх палітычных поглядаў і ўзроўню адукацыі «звяржэнне» цара было зусім недарэчным, а час бальшавікоў здаваўся нацыянальнай трагедыяй, паведамлялі, аднак, што цар зрабіў сябе сапраўды непапулярным.

Само сабой, ён (цар, Мікалай ІІ) быў чалавекам, які выклікаў трапятанне. Аднак, паколькі людзі атрымлівалі інфармацыю не з нейкіх мутных крыніц, але мелі магчымасць штодня ўласнымі вачыма бачыць, як гэты імператар прымаў зусім малы ўдзел у справах свайго войска, як ён дзень і ноч, ператварыўшы яе ў дзень, аддаваўся выпіўцы і нізкім жанчынам, то ўнутраная павага да падобнага манарха, зразумела, не магла імкнуцца ўверх, але мусіла схавацца на дне патрыятычнай душы і вызваліць месца для найзмрочных прадчуванняў.

Тое, што яны не былі марнымі, добра паказаў потым ход вайны сваімі баявымі і палітычнымі падзеямі. Стаўка, якая ставіць клопаты пра армію на другое ці трэцяе месца, сама пазбаўляе сябе жыццяздольнасці.

Аднак, акрамя чыста ваенных падзей Мікалай быў таксама не ў стане выклікаць у насельніцтва прыхільнасць нават чыста па-чалавечы. Распавядаюць, што аднойчы нейкая жанчына ўстала перад яго машынай з нейкай просьбай. І як гэта мусіць адпавядаць бяспецы цара, яе адкінулі ўбок. Аднак цар ніколі не абмовіўся нават словам пра гэтае здарэнне, і яму не забылі гэткую абыякавасць да журбы і бездапаможнасці, да малення аб спачуванні, якую ўбачыў народ у гэтым выпадку.

Мікалай ІІ у Магілёве

 

Пра аўтара

Ганс Захачовер нарадзіўся ў 1892 годзе ў анямечанай яўрэйскай сям’і. У складзе 10-й нямецкай арміі ён удзельнічаў у Першай сусветнай вайне ў якасці ваеннага карэспандэнта. Доўгі час правёў на франка-германскай мяжы, затым на кароткі час быў пераведзены на Ўсходні фронт, дзе і зрабіў свае нататкі пра наш горад. У пасляваенны час ён стаў шмат пісаць на яўрэйскую тэматыку, быў прыхільна сустрэты ў літаратурных колах, завязаўшы сяброўства з Стэфанам Цвейгам і Эрыхам Марыяй Рэмаркам. У літаратуры ён выступаў пад псеўданімам Хасэ Арабуэна.

 

Пажаданне аўтара Магілёву

А вось такімі словамі Ганс Захачовер развітаўся з нашым горадам напрыканцы свайго вялізнага артыкула.

«Магілёў! У гэты горад можна закахацца і немагчыма пазбавіцца жадання, каб паходжанне назвы больш ніколі не было сімвалам, але каб горад узмацніўся да новага, заможнага жыцця вольнага ад расійскага прыгнёту».