Камсамольскую вуліцу ў Магілёве пашыраюць для аўтамабіляў

Камсамольскую вуліцу ў Магілёве пашыраюць для аўтамабіляў і звужаюць для пешаходаў

У еўрапейскіх гарадах вуліцы ў цэнтры звужаюць, каб абмежаваць рух аўтамабіляў, а ў Магілёве наадварот – пашыраюць. 

Рэканструкцыя вуліцы Камсамольской дайшла да прыпынка “Каледж мастацтваў”, і стала бачна, што праезджую частку пашыраюць за кошт пешаходных тратуараў. 

Магілёўскія гарадскія актывісты звярнулі ўвагу на брукаванку, якую знайшлі каля Драматычнага тэатру. Яе ўжо знялі і некуды прыстроілі. 

Але цяпер стала зразумелым, што беды магілёўцаў на гэтым не скончыліся. Гарадская архітэктура аказваецца, вырашыла, што машынам і аўтобусам цесна на Камсамольскай, і звужае і так вузкія каля Каледжа мастацтваў пешаходныя дарожкі. 

У многіх еўрапейскіх гарадах для машын звужаюць вуліцы, каб абмежаваць рух транспарту. Там уводзяць аплату за ўезд у цэнтр, выносяць дарогі ў тунэлі, развіваюць велаінфраструктуры і г.д. Гэта робіць цэнтры гарадоў вальнейшымі ад аўтамабіляў і больш экалагічнымі, а людзей здаравейшымі. 

На вуліцы Камсамольскай усё адбываецца з дакладнасцю наадварот. Што дасць з’яўленне новай паласы для аўтобусаў і тралейбусаў? Праезд для аўтамабільнага транспарту стане сапраўды лягчэйшым. Але пешаходам да раварыстам і сёння там цяжка разыйсціся. А заўтра гэта стане зусім цяжкавырашальнай задачай.

Фота: mogilev.media