Мост праз невялічкую ручаіну злучае дзве паловы вёскі Ульяшына на беразе Проні. Гэты мост яшчэ ў васьмідзясятых гадах мінулага стагоддзя зрабілі самі жыхары вёскі – абсталявалі насыпы на абодвух берагах ручаіны і паклалі на іх дзве бетонныя пліты. Да таго, як маста не было, праз рачулку прыходзілася хадзіць проста ўброд, альбо абыходзіць усю вёску іншай дарогай. Калі мост з’явіўся, яго шырыні і трываласці спачатку хапала для праезду на гужавым транспарце, і нават легкавой машыне.
Пазней – зноў жа сіламі саміх вяскоўцаў – мост быў пашыраны і ўмацаваны бярвеннем, і па ім змаглі праяжджаць грузавыя машыны і трактары. Гэта яго і згубіла – пад цяжарам гусенічнага трактара ён аднойчы не вытрымаў і часткова зламаўся. Адзіная бетонная пліта, што вытрымала тое падзенне экскаватара, так і застаецца апошняй рэшткай ад калісьці шырокага і зручнага маста. У зімняе надвор’е карыстацца такой пераправай бывае небяспечна для вяскоўцаў – па склізкай нахінутай паверхні можна лёгка зваліцца ў ручаіну.
Вяскоўцы зноўку спрабавалі сваімі сіламі адрамантаваць пераправу, падганялі кран, разлічваючы зноўку навесці бетонныя пліты. Аднак берагі ручаіны за апошнія гады забалоціліся, і тэхніка проста не змагла пад’ехаць.
– Усё ж такі нам бы не хацелася займацца самадзейнасцю. – падзялілася з выданнем horki.info сваімі перажываннямі жыхарка вёскі Алена – Трэба, каб за гэта ўзяліся спецыялісты. Мост павінен быць такі, каб не толькі было бяспечна хадзіць, але і ездзіць. Вось нядаўна рэчка разлілася – і хоць ты на лодцы пераплывай на суседнюю вуліцу. Там прыпынак аўтобуса, дзеці выходзяць туды, каб ехаць у школу. Бабулькі нашы тут увесь час ходзяць, дачнікі. Так што мост трэба зрабіць абавязкова.
Зварот у сельсавет асаблівай надзеі вяскоўцам не дадаў. Прадстаўніца адміністрацыі прыяжджала для ацэнкі масштаба работ і вынесла несуцяшальную рэзалюцыю – “Магчыма, калі-небудзь зробім”.
Раман Ганін
фота: horki.info