Да злачынстваў па дыскрымінацыі ўкраінскіх дзяцей далучылася магілёўскае аддзяленне службы МНС.
Прэс-служба Міністэрства па надзвычайных сітуацыях паказала, як у магілёўскім Цэнтры бяспекі на Пажарным завулку праводзілі экскурсію для жыхароў Херсонскай вобласці.
“Сем’і з Херсонскай вобласці, якія прыехалі на аздараўленне ў санаторны лагер «Дубравенка», кожны дзень усё больш і больш даведваюцца аб сінявокай Беларусі.” – гаворыцца ў паведамленні прэс-службы МНС. Характэрна, што ў гэтым матэрыяле падкрэсліваецца быццам бы сямейны адпачынак і аздараўленне жыхароў Украіны, вывезеных з акупаваных Расіяй тэрыторый Херсонскай вобласці.
Разам з тым, калі ўважліва паглядзець на фотаздымкі, прадстаўленыя прэс-службай, можна пабачыць, што ўдзельнікі “аздараўленчага тура”, гэта ў першую чаргу менавіта дзеці. На кадрах фотасправаздачы і відэа бачныя каля 20 хлопчыкаў і дзяўчынак, якіх суправаджае пара дарослых.
Нагадаем, што ў кастрычніку гэтага года міжнародныя праваабарончыя арганізацыі абвясцілі два санаторыі на тэрыторыі Магілёўскай вобласці датычнымі да дыскрымінацыі ўкраінскіх дзяцей – гэта лагер “Дубравенка”, які ўваходзіць у структуру Магілёўскага аддзялення Беларускай чыгункі, і лагер “Зара”, падпарадкаваны булачна-кандытарскай кампаніі “Дамачай”. Гаворка вялася пра даказаныя выпадкі “палітычнай індактрынацыі і мілітарызаванага перавыхавання”. Гэтыя формы ўздзеяння на псіхіку дзяцей разглядаюцца як інструменты выкаранення ідэнтычнасці. Гэтыя формы ўздзеяння адносяцца да парушэння правоў дзіцяці і ўваходзіць у спіс ваенных злачынстваў.
Фота: МНС