АЭС Могилевская область

Другую БелАЭС могуць пабудаваць на Магілёўшчыне, але незразумела, для чаго

Пачатак праекта другой АЭС у Беларусі хочуць ажыццявіць да сярэдзіны 2025 года, хоць і з першай АЭС яшчэ не вырашаны ўсе праблемы.

Тэхніка-эканамічнае абгрунтаванне праекта другой атамнай электрастанцыі ў Беларусі плануюць скончыць да сярэдзіны бягучага года. Магчыма, яна будзе пабудавана на Магілёўшчыне. Праўда, не факт, што гэта патрэбна Расіі.

Як паведаміў надоечы у інтэрв’ю “РИА Новости” дырэктар Другога дэпартамента краін СНД МЗС Расіі Аляксей Палішчук, адным з асноўных варыянтаў размяшчэння новай АЭС з’яўляецца Магілёўская вобласць. Будаваць яе плануюць, зразумела, расіяне і за расійскі крэдыт. Хаця канчаткова яшчэ не вырашана, ці ўвогуле пачнецца такое будаўніцва на Магілёўшчыне, бо другім варыятам пашырэння атамнага атрыманя электраэнэргіі разглядаецца пабудова трэцяга энергаблока на пляцоўцы дзеючай БелАЭС у Астраўцы.

Для прапрацоўкіі ўсіх аспектаў створана сумесная экспертная рабочая група, якая ўжо абмеркавала тэхнічныя і фінансавыя параметры будучага праекта: выбар месца, тып рэактараў, кошт і тэрміны рэалізацыі.

Па меркаванні беларускага дыктатара, якое ён выказаў у кастрычніку 2023 года, другая АЭС была б выгадным крокам для краіны, умацоўваючы яе энергетычную бяспеку і эканамічную стабільнасць.

У Расіі крыху іншы погляд

У Маскве ведаюць, што сапраўдная мэта павелічэння магутнасцяў па выпрацоўцы электраэнэргіі ў Беларусі – зніжэнне імпарту расійскага газу. Пра гэта піша расійскае інтэрнэт-выданне “Взгляд”.

Заяўляецца, што першая АЭС ужо змяніла энергетычны баланс: доля атамнай генерацыі вырасла да 37%, а патрэба ў газе значна зменшылася. Другая станцыя магла б удвая павялічыць эканомію – да 10 млрд кубаметраў газу ў год. Для «Газпрома» гэта азначае страты на фоне і без таго скарачэння экспарту ў Еўропу. 

Таму для Масквы ініцыятыва пакуль выглядае сумнеўна: стары крэдыт яшчэ не вернуты, новыя рынкі збыту не гарантуюцца, а Мінск хоча выкарыстаць рэшткі ад першай крэдытнай лініі. Пры гэтым рэальнай патрэбы ў дадатковай электраэнергіі для памежных рэгіёнаў Расіі сёння няма.

А што з першай БелАЭС?

Замена газу на электраэнергію – ідэя добрая. Але няясна, як будзе выглядаць гэта  тэхналагічна. А таксама – хто будзе купляць лішкі электраэнергіі. У прафесійнай супольнасці энергетыкаў у Беларусі нярэдка гучаць заявы, што нашай краіне і адной АЭС замнога, не кажучы пра дзве. Таксама, аналітыкі адзначаюць, што статыстыка эфектыўнасці першай АЭС у Беларусі зусім не такая радасная, а частку праблем так і не вырашылі дагэтуль.

Справа ў тым, што да гэтага часу не ўдалося прымусіць працаваць першую АЭС на поўную магутнасць – адзначае рэсурс udf. Яна вырабляе ў 2,5 разы менш электраэнергіі, чым абяцалі чыноўнікі. Пасля запуску станцыі яе каэфіцыент выкарыстання склаў каля 50 працэнтаў, палову часу яна прастойвала. Напрыклад, толькі ў 2022 годзе першы энергаблок не працаваў паўгода. Бо ў АЭС шмат недаробак. Рамонт на многія месяцы спыняў працу станцыі.

Калі першая АЭС яшчэ будавалася, чыноўнікі абяцалі, што яе запуск дазволіць скараціць спажыванне газу ў Беларусі на 4,5 мільярда кубаметраў за год. Аднак гэтага не адбылося. Імпарт газу застаўся на ўзроўні 19-20 мільярдаў кубаметраў, як і да ўводу станцыі.

Чыноўнікі, у прыватнасці віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка, паабяцалі, што пасля ўводу АЭС у эксплуатацыю тарыфы на электраэнергію значна знізяцца. Але да канца 2023 года электраэнергія падаражэла на 21-22 працэнты.

Фотаздымак ілюстрацыйны, з адкрытых крыніц (Tochka.by)