Жыліцкі палац, “жамчужына Магілёўшчыны”, палац Булгакаў – помнік архітэктуры позняга класіцызму, гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі ў Кіраўскім раёне працягвае падрыхтоўку да святкавання свайго 200-годдзя. Актыўная фаза рэканструкцыі ўжо завершана – паведамлялі mogilev.media нядаўна. Але дата адкрыцця пакуль невядомая.
Палац пачаў будавацца ў 1823 годзе і быў пабудаваны да 1825. Пазней – даробліваліся асобныя элементы. Атрымліваецца, што ў гэтым годзе – 200 год з пачатку будаўніцтва. Але кіраўніцтва музейнага комплекса дакладна не ведае, на якую дату будзе прызначана ўрачыстае адкрыццё палаца – у гэтым, а можа і ў наступным годзе, але ва ўсялякім разе не пазней за 2025.
Прычына – шмат дапрацовак, ёсць планы па ўвядзенню ў строй аранжэрэі, аднаўленню капліцы, працягу напаўнення залаў мэбляй, рэканструкцыі парка і гаспадарчых пабудоў.
Галоўны фасад.
Парадны ўваход
Герб Булгакаў “Сыракомля”.
Адна са 100 заляў
Кесонная столь адной з заляў. Убранне, дэкор не паўтараецца ад залі да залі.
Фрагмент падлогі. У кожнай зале свой малюнак падлогі.
Прыклад мэбліроўкі заляў.
Рэстаўратары пакінулі фрагменты дэкору да рэстаўрацы, каб параўнаць з тым, што атрымалася ў выніку вяртання палаца да жыцця.
Уваходы ў лядоўню і парк.
Зараз залі комплексу паволі напаўняюцца антыкварнай мэбляй, сучаснымі копіямі мэблі XIX стагоддзя, карцінамі. Ідзе будаўніцтва аранжэрэі.
Mogilev.media на працягу апошніх двух гадоў адсочвае ход рэканструкцыі палаца.
Альтанка.
Даведка. Архітэктурны комплекс дзівіць прыгажосцю і маштабамі: будынак рознай паверхавасці, з вежай, складаецца са 100 памяшканняў агульнай плошчай 4 000 кв. м. Побач парк плошчай каля 20 гектар, рака.
Жылічы – рэзідэнцыя заможнага шляхціца, бабруйскага павятовага маршалка Ігната Булгака (1798-1848) на рацэ Добасна. Пабудаваны палац па праекце архітэктара Караля Падчашынскага.
Да галоўнага П-падобнага корпуса ў 1864-1876 гадах прыбудавалі, пры ўладальніку Эдгары Булгаку, доўгае двухпавярховае крыло з палацавай царквой і дадатковымі жылымі памяшканнямі. Такое архітэктурнае рашэнне ўтварыла напаўадкрыты ўнутраны двор. Заходняя частка палаца была дабудавана ў 1914 годзе.
Пасля рэвалюцыі ў палацы размяшчаліся дзіцячы дом, заатэхнічны тэхнікум. У час Вялікай Айчыннай вайны месціўся нямецкі шпіталь.
Пасля вайны ў палацы працавала Бабруйская агранамічная школа.
Першыя спробы рэканструкцыі палаца зроблены ў 1973 годзе архітэктарам Я. Куртам.
У наш час у палацы размешчаны краязнаўчы музей і музычная школа.
Фота: mogilev.media