Цэнтр Адэсы ўключаны ў спіс аб’ектаў спадчыны чалавецтва

Цэнтр Адэсы ўключаны ў спіс аб’ектаў спадчыны чалавецтва – здагадайцеся, хто быў супраць

ЮНЕСКА ўключыў гістарычны цэнтр Адэсы ў свой спіс аб’ектаў сусветнай спадчыны, якая знаходзіцца ў небяспецы, хаця расійскі дэлегат катэгарычна выступаў супраць гэтага рашэння.

Гэтае пытанне разглядалася з 2009 года, але ўвесь час адкладалася. Цяпер ва ўмовах расійскага ўварвання ва Ўкраіну рашэнне было зацверджана ў Парыжы па паскоранай працэдуры, бо падчас вайны Адэса некалькі разоў абстрэльвалася расіянамі. 

Расійскі прадстаўнік некалькі разоў спрабаваў затрымаць галасаванне Камітэта ЮНЕСКА. Тым не менш яно адбылося. Шэсць членаў прагаласавалі за ўключэнне Цэнтра Адэсы ў спіс, адзін быў супраць, яшчэ 14 устрымаліся.

У межах цэнтра Адэсы цяпер знаходзяцца 42 помнікі культурнай спадчыны нацыянальнага і мясцовага значэння. Рашэнне зробіць немагчымымі дзеянні забудоўшчыкаў на гэтай тэрыторыі.

Акрамя таго, магчымае знішчэнне расійскімі ракетамі спадчыны ЮНЕСКА, як лічаць украінскія эксперты, будзе разглядацца міжнародным судом у Гаазе.

Фота 24tv.ua