У Магілёўскім аблвыканкаме разглядалі будучыню зачыненых цэхаў “Строммашыны”. Тут могуць з’явіцца мясцовы “Дыснейленд” і гіпермаркет.
Mogilev.media раней звярталі ўвагу, што ў Магілёве ў чарговы раз навісла пагроза над Быхаўскім і Мінскім рынкамі. Папулярныя гарадскія барахолкі было запланавана перанесці на тэрыторыю той часткі завода “Строммашына”, якая была прададзеная фірме, што спецыялізуецца на здачы памяшканняў у арэнду. Што Мінскі, што Быхаўскі рынкі – даўні галаўны боль, калі не мазоль для магілёўскага чынавенства – заўважала наша выданне на гэты конт. Хаатычнасць барахолкі цяжка ўкладваецца ў іх светаўспрыняцце.
21 сакавіка ў Магілёўскім аблвыканкаме прайшло абмеркаванне інвестыцыйных праектаў на тэрыторыі былых цэхаў №№ 1 і 5 “Строммашыны”, што выходзяць на вуліцу Ціміразеўскую. Паводле папярэдняга плана тут мяркуецца ўзвядзенне дзіцячага забаўляльнага цэнтра з актракцыёнамі, а таксама гіпермаркета, якіх востра не хапае абласному цэнтру. Такім чынам, у бліжэйшай будучыні праект пераноса Быхаўскага і Мінскага рынкаў на тэрыторыю завода пакуль не разглядаецца.
Фота: mogilev.media