Будынак першай магілёўскай электрастанцыі плануюць знішчыць

На яго месцы можа з’явіцца невыразны шматкватэрны дом, але абмеркаванне яшчэ не завяршылася.

Будынак першай магілёўскай электрастанцыі размяшчаецца на 2-ім Крутым завулку, каля гандлёвага цэнтра “Мацярык” і галоўнага аддзялення “Тэхнабанка”. Электрастанцыя была пабудаваная яшчэ ў 1900-я гады, а ў 1930-х яе памяшканні пераробліваліся пад жылыя кватэры. Зараз гэты дом пустуе.

У 2022 годзе актывіст Уладзіслаў Чаховіч падрыхтаваў прапанову аб наданні будынку статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці. Дакументацыя, з якой ён звярнуўся ў магілёўскі абласны савет па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны склала 43 старонкі з дэтальным абгрунтаваннем і вялікім ілюстрацыйным корпусам. Абласны савет, аднак, прапанову адхіліў – пісалі mogilev.media. 

Цяпер Магілёўскі гарвыканкам правёў грамадскае абмеркаванне “рэканструкцыі” будынка, якая прадугледжвае поўны знос электрастанцыі і ўзвядзенне на яе месцы шараговага шасціпавярховіка, пазбаўленага якіх-небудзь эстэтычных пераваг.

“Улічваючы размяшчэнне ў самым цэнтры горада мы прадказвалі, што закінутаму будынку пагражае знос пад офісны гмах ці элітнае жыллё. – каментуюе сітуацыю з будынкам першай магілёўскай электрастанцыі аўтар тэлеграм-канала “Спадчына – Але замест элітнага жылля – звычайная калгасная каробка без якіх-небудзь пробліскаў архітэктуры.”

Па выніках грамадскага абмеркавання аб’екта, камісія гарвыканкама прыняла рашэнне адправіць праект на дапрацоўку – аказалася, што не вытрыманая норма па колькасці парковачных месцаў. Таксама плануецца правесці паўторнае грамадскае абмеркаванне што да архітэктурна-планіровачнай канцэпцыі аб’екта.

Фота: Тэлеграм-канал “Спадчына”, mogilev.media