Праграма “Адзін раён – адзін праект”. Што з ёй на Магілёўшчыне?

Марыненка

Прапаганда ўпэўнена называе дакладныя лічбы рэалізаваных праектаў праграмы “Адзін раён – адзін праект” па абласцях, але калі справа даходзіць да Магілёўскай вобласці адразу пераходзіць на сціплую фармулёўку “некалькі” – на ўвесь рэгіён.

Ідэя Лукашэнкі “Адзін раён – адзін праект” рэалізуецца ў Беларусі з 2022 года і павінна закрануць 118 раёнаў краіны. На Магілёўшчыне паводле гэтай логікі павінен быць рэалізаваны 21 праект – па колькасці раёнаў.

Чыноўнікі падвялі папярэднія вынікі праграмы, якая, паводле задумы вялікага стратэга, павінна напоўніць аптэкі лекамі, цяпліцы – таматамі, а сажалкі – вясёлкавай фарэллю.

Што цікава, справаздача поўная дакладных лічбаў, што датычацца пачатых і завершаных праектаў, але калі чарга даходзіць да Магілёўскай вобласці, у ход ідуць няпэўныя велічыні кшталту “паспяховых прыкладаў вялікая колькасць” і “па Магілёўшчыне іх некалькі”.

Калі ж быць дакладным, то “вялікая колькасць” выглядае так:

  • прадпрыемства па вытворчасці тэхнічнага вугляроду “Омск Карбон Магілёў” – засвоена 320 мільёнаў рублёў інвестыцый, створана больш за 570 працоўных месцаў;
  • прадпрыемства “Рыбгас Палуж” толькі плануе вырабляць да 1 тысячы тон каштоўнай рыбы ў год;
  • рыбаводныя комплексы з’явяцца ў Хоцімскім, Чэрыкаўскім і Краснапольскім раёнах – створана прыкладна 90 працоўных месцаў.

А яшчэ “прадпрыемства па развядзенні каштоўных парод рыб плануюць запусціць ужо ў гэтым годзе ў Магілёўскай вобласці”. То бок, за астатні тыдзень.

Падобна на тое, што нават займацца маніпуляцыямі з лічбамі ў магілёўскіх асаў прыцягнення інвестыцый не атрымліваецца. Лічбаў проста няма.

Фота: БелТА.