П’яны кіроўца ў Бабруйску збіў насмерць вядомага доктара, аглядзеў сваю машыну і паехаў

З’явіліся падрабязнасці трагічнай аварыі ў Бабруйску, у якой загінуў вядомы ў горадзе доктар-анколаг Сяргей Нікіцін. Вечарам 10 чэрвеня ён разам з жонкай ішоў дахаты з гаража па ўзбочыне дарогі. У нейкі момант жанчына пачула імклівае набліжэнне аўтамабіля, азірнулася, і пабачыла, як яе мужа збівае аўтамабіль.

Кіроўца праехаў яшчэ некалькі дзясяткаў метраў і спыніўся. Як паведамляюць у Бабруйскім міжраённым аддзеле Следчага камітэта, пасля аварыі вадзіцель выйшаў з аўтамабіля, аглядзеў яго, потым азірнуўся на цела збітага мужчыны. Нягледзячы на спробы відавочцаў яго спыніць, 38-гадовы кіроўца сеў у сваю машыну і з’ехаў з месца ДТЗ. Пазней ён не справіўся з кіраваннем і разбіўся аб забор, пасля чаго быў затрыманы супрацоўнікамі ДАІ. Праверка паказала ў яго 2 праміле алкаголю. Мужчына патлумачыў, што ў гэты дзень ён рамантаваў сваю машыну ў гаражы і выпіваў. Цяпер н пад вартай.

Фота: Следчы камітэт, “Вячэрні Бабруйск”