23 лютага ў бабруйскім раёне Фарштадт адбыўся напад двух невядомых сабак на хатнюю жывёлу мясцовай жыхаркі. Трох коз і двух гусей сабакі загрызлі насмерць.
Здарэнне адбылося днём 23 лютага на заднім двары дома па вуліцы Ручайнай у Бабруйску. Сам гэты двор агароджаны з трох бакоў парканамі, а з чацвёртага – канавай. На двары ў той дзень пасвіліся некалькі коз і гусей мясцовай жыхаркі Наталлі Лугавой.
Двух вялікіх сабак заўважыў сваяк гаспадыні, які займаўся рамонтам трактара ў яе на двары. Мужчына пабачыў напад на хатнюю жывёлу і прагнаў сабак. Калі на месца прыйшла гаспадыня, двух сваіх коз яна заспела ўжо нежывымі. Сабакі загрызлі насмерць маленькую паўгадавалую казу і дойную чатырохгадовую. Дасталося таксама птушкам.
Адзін гусь быў ужо мёртвы, калі прыйшла гаспадыня, другі яшчэ варушыўся, але неўзабаве таксама памёр. Выратавалася толькі трэцяя птушка, гусыня, якая кінулася ў халодную ваду канавы. Яшчэ адзін гусь згубіўся.
Двух коз, якія выжылі, Наталля Лугавая на валакушы даставіла ў хлеў. Жывёлы не маглі падняцца на ногі: у абодвух коз пракушаны «плечы», у адной з іх разарваны зад. Абедзве казы былі цяжарнымі, і час ад часу падавалі жаласны голас.
“Як ім балюча. – перадае словы гаспадыні выданне bobr.by – Я выклікала ветэрынара, чакаю. Але ці змогуць яны стаяць? Муж “у сутках”, дарэзаць іх, каб не пакутавалі так, няма каму. Жыць ім да заўтра» – з болем казала Наталля днём 23 лютага. Да вечара адна з гэтых коз была ўжо нежывая.
Сваяк гаспадароў, які прагнаў сабак, расказаў, што адзін з іх– лайка. Рудая, з белымі грудзьмі. Другі быў падобны на ганчака з віслымі вушамі, з сіваватай пысай. Афарбоўка – белая з рудым. Абодва сабакі даволі буйныя.
На месца прыбыла міліцыя і супрацоўнікі службы адлову сабак ААТ “Спецаўтапрадпрыемства”. Яны будуць шукаць сабак і іх магчымых гаспадароў.
«Мне вельмі хацелася б, каб у іх былі гаспадары, – распавяла Наталля Лугавая, – Мне не патрэбныя грошы, мне патрэбныя чатыры казы. І, канешне, хачу, каб злавілі гэтых сабак. Усё ж, побач школа».
Фота: bobr.by