У вёсцы Канчаны Бабруйскага раёна мясцовая жыхарка падазравалася ў падпале гаспадарчай пабудовы, а калі за ёй прыйшоў міліцыянер, кінулася ў сажалку.
У красавіку ў вёсцы Канчаны пад Бабруйскам адбылося ўзгаранне гаспадарчага будынка – паведамляе “Трыбуна працы”. На разбіральніцтва сюды прыехаў прадстаўнік крымінальнага вышуку з мясцовага РАУС і атрымаў ад жыхароў вёскі інфармацыю, што да падпалу можа быць датычная сяльчанка 1967 года нараджэння.
Калі міліцыянер сустрэўся з жанчынай для размовы, яна павяла сябе неадэкватна – стала пагражаць, што патопіць сябе і пабегла ў бок выкапанай сажалкі. Там яна насамрэч кінулася ў ваду і паспела праплыць некалькі метраў, перш чым вада захлынула ёй лёгкія. Прадстаўнік РАУС кінуўся за жанчынай у ваду і выцягнуў, перадаўшы потым у рукі іншых праваахоўнікаў. Яе жыццю зараз нічога не пагражае, а ў сувязі з падазрэннем наконт падпалу, з ёй праводзяцца следчыя дзеянні.
Фота ілюстрацыйнае.