У перасоўны музей «Поезд победы» водзяць дэлегацыямі прадстаўнікоў дзяржаўных устаноў і працоўных калектываў. Абавязваюць працаўнікоў наведаць яго сем’ямі. Праўладныя медыі падкрэсліваюць яго папулярнасць і падаюць фотасправаздачы.
На чыгуначнай станцыі «Магілёў» састаў з 12 музейнымі вагонамі сустракалі аркестрам, вальсам і шчаслівымі тварамі масоўкі.
Пра што не згадвае музэй
Каб агледзець экспазіцыю з манекенамі трэба выстаяць у чарзе пад наглядам міліцыі ў агароджаным турнікетамі праходзе. У спёку, прызнаюцца наведнікі музею, стаяць на пероне да паўгадзіны невыносна цяжка.
Манекены, кажуць яны, выглядаюць зусім не прэзентабельна. Яны хутчэй нагадваюць мерцвякоў, заўважае адзін з наведнікаў.
“Адзежа на манекенах выглядае сапраўднай, – апавядае ён. – Але, паколькі яна старая, то ад людскіх вобразаў, якія задаволеныя шчаслівым даваенным савецкім жыццём патыхае страхам”.
“Тое ж, тычыцца і выгляду людзей-манекенаў, якія даведаліся пра перамогу над нацысцкай Германіяй, – працягвае суразмоўца. – Больш сапраўдна перададзеныя вобразы людзей, якія сутыкнуліся непасрэдна з вайной. Але ўсё роўна, трагізм таго часу заменены страхам, бояззю і цямнотаю”.
У яшчэ аднаго суразмоўцы, асацыяцыі ад музею, звязаныя са сталінскімі рэпрэсіямі.
«Мне ўявіліся іншыя цягнікі, якія везлі людзей у Гулаг, у сібірскія лагеры, – тлумачыць ён. – А таксама тых, каго спачатку нацысты вывозілі ў Германію, а потым адтуль саветы ў Сібір».
Выкладу фота з манекенамі ў сацыяльныя сеткі, каб больш людзей прыйшло ў музэй
Нямала і тых хто ад экспазіцыі ў захапленні. Яны цвердзяць, што такі музей расказвае праўду пра падзеі Другой сусветнай вайной і змаганне беларускага народу з нямецка-фашысцкімі акупантамі.
Большасць такіх суразмоўцаў запэўніваюць, што выкладуць фотаздымкі з манекенамі ў свае сацыяльныя сеткі. На іх думку гэтым яны паспрыяюць, каб у музей прыйшло больш людзей.
belta.by
Беларуская версія «Поезда Победы» – «Поезд Памяти».
«Поезд Победы» называюць сацыяльным праектам і ўнікальным перасоўным музеем. У прэзентацыях гаворыцца, што ў прасторы гісторыка-мастацкай экспазіцыі пададзеныя вобразы мінулага нашай краіны – не парадны партрэт вялікай эпохі ў тварах, жэстах, імгненнях аўтэнтычных прадметах і сапраўдных пачуццях.
Жыццё якой краіны прадстаўлена ў музеі беларускія мэдыі ня згадваюць. Вядома, што створаны ён у Расіі камандай творчай майстэрні «Невский баталист» з мэдыягрупай «Красный квадрат» з падтрымкай Міністэрства навукі і вышэйшай адукацыі.
Аб’ехаўшы расійскія гарады ён калясіць па Беларусі.
belta.by
Тым часам, старшыня Савету Рэспублікі Наталля Качанава кажа пра іншы праект перасоўнага музею – «Поезд Памяти». Яго ідэя нарадзілася год таму, калі ў Брэст прыбыў «Поезд Победы».
Яна лічыць, што такі праект не дазволіць сказіць інфармацыі і захавае памяць пра трагічныя падзеі, якія перажыў наш народ. Цяпер «Поезд Памяти» выправіўся ў Расію.