пагроза забойствам

Замахнуўся кулаком і дастаў нож – жыхара Бабруйска публічна судзілі на яго ж прадпрыемстве

Публічнае судзілішча над работнікам, абвінавачаным у пагрозе сямейнага гвалту, прайшло на Бабруйскім хлебазаводзе.

Пагроза забойствам і прычыненнем фізічных пашкоджанняў – менавіта так кваліфікавала абвінавачванне паводзіны жыхара Бабруйска 1965 года нараджэння. Раніцай у ліпені гэтага года мужчына прыехаў на сваё лецішча ў вёсцы Мікулічы. “Паснедаўшы са спіртным”, як гаворыцца ў матэрыялах справы, ён заўважыў, што на лецішча прыйшлі таксама яго сястра з сынам. З роднымі ў бабруйчаніна быў застарэлы канфлікт з-за перадзелу маёмасці пасля смерці бацькоў. 

Гнеў абуяў чалавекам, жыхар Бабруйска накінуўся на сястру і яе сына – замахнуўся кулаком і стаў пагражаць нажом, паведамляецца ў матэрыялах справы. Пасля таго, як жанчына з дзіцёнкам падаліся назад і выйшлі на вуліцу, бабруйчанін схаваў нож у шуфлядку, дзе яго неўзабаве знойдуць работнікі міліцыі.

Асабістую справу мужчыны вырашылі разглядаць публічна, прычым на яго родным прадпрыемстве – “Бабруйскім камбінаце хлебапрадуктаў”. На выязное пасяджэнне суда запрасілі супрацоўнікаў завода. Перад імі афіцыйна зачыталі, што на месцы працы бабруйчанін характаразуецца станоўча. Паводле словаў яго сястры, аднак, як толькі ён вып’е, то пачынае шукаць канфлікт.

Па выніках судовага разгляду жыхара Бабруйска асудзілі да штрафу ў 30 базавых велічынь, што складае 1 200 рублёў.

Фота: “Трыбуна працы”