Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці
Рух параднёных гарадоў паўстаў падчас Другой сусветнай вайны. Дзеля супрацоўніцтва ў інтарэсах міру і дабрабыту ў 1942 годзе сяброўскія адносіны наладзілі пацярпелыя ад наступстваў вайны Кавэнтры (Вялікая Брытанія) і Сталінград (СССР). У красавіку 1957 года была заснавана Сусветная федэрацыя параднёных гарадоў. Паводле яе статуту мэта руху гарадоў пабрацімаў – развіццё супрацоўніцтва паміж народамі незалежна ад іх расы, мовы, рэлігіі і палітычнай сістэмы. Параднёныя гарады абменьваюцца досведам у эканамічнай, культурнай, гуманітарных сферах, а таксама самакіраванні, чым умацоўваюць давер між грамадзянамі.
Мікалаеў, Украіна
(Пабрацімства з Магілёвам замацаванае дамовай у 2009 годзе. Горад месціцца за 65 кіламетраў ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 490 тысяч чалавек. Траціна з іх вымушана была пакінуць горад. Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў адзін з асноўных кірункаў наступу расейцаў. Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць. Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой»).
4 красавіка ў Мікалаеве падчас абстрэлу 12 чалавек загінула і 41 быў паранены. Пацярпелі чацвёра дзяцей. Інтэрнэт-выданне «УКРАЇНСЬКА ПРАВДА» піша, што пашкоджаныя жылыя дамы, аўтамабілі мірных жыхароў, а таксама аб’екты цывільнай інфраструктуры.
Кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі Віталь Кім апублікаваў запіс камераў відэаназірання, на якіх расейскі снарад трапляе ў двор дзіцячай больніцы.
Расейцы стралялі касетнымі снарадамі, забароненымі міжнароднымі канвенцыямі. Іх ладунак разрываецца ў паветры, выпускаючы дзясяткі, а іншым разам і сотні маленькіх выбуховак, здольных пакрыць плошчу ў некалькі футбольных палёў.
Днём раней ад ракетнага нападу на Мікалаеў і Ачакаў 8 чалавек загінулі і 34 былі параненыя.
За час расейскай агрэсіі ў Мікалаеўскай вобласці забіта 161 чалавек. 6 з іх дзеці. 630 грамадзян параніла, паведамляе інтэрнэт-рэсурс «Цензор. Нет», спасылаючыся на кіраўніка абласной ваеннай адміністрацыі Віталія Кіма.
Кіраўніца Беларускага Фонду спартыўнай салідарнасці Аляксандра Герасіменя заклікае дапамагчы валанцёрам у Мікалаве. Праз перабоі з электрычнасцю добраахвотнікам цяжка працаваць у пунктах аказання дапамогі пацярпелым ад вайны, даводзіць яна.
Актывістка просіць грамадзянскую супольнасці ў Варшаве, землякоў і сяброў тэрмінова здабыць 5 генератараў для валанцёрскіх хабаў ды максімальную колькасць партатыўных заладовак, нават, што былі ва ўжыванні.
«Генератары і заладоўкі – адзіныя крыніцы энергіі для працы валанцёраў», – гаворыцца ў звароце апублікаваным на старонцы Фонду спартовай салідарнасці.
Лідэрка спартыўнай супольнасці дадае, што Мікалаеў на мяжы супрацьстаяння. «Расейскія войскі збіраюцца браць горад і валанцёрам патрэбная падтрымка».
Даўгаўпілс, Латвія
(Горад пабрацім Бабруйску. У 2018 годзе ў Даўгаўпілсе жыло 90 399 жыхароў. У ім месціцца консульства Рэспублікі Беларусь. Дзеіць цэнтр беларускай культуры. Знаходзіцца ён у латвійскім рэгіёне Латгалія, якая мяжуе з Беларуссю. Даўгаўпілс за 30 кіламетраў ад мяжы. Беларуская назва гораду Дзвінск).
У Даўгаўпілсе і Ліепаі ўрад Латвіі «звужвае дыпламатычныя адносіны з Расеяй». Выданне «Наша газета» адзначае : закрыццё дыпламатычных прадстаўніцтваў выклікана «ваеннымі злачынствамі Расейскай федэрацыі ва Ўкраіне».
З краіны будуць высланыя 13 дыпламатаў і супрацоўнікаў амбасады Расеі ў Латвіі, даводзіць міністр замежных спраў краіны Эдгар Рынкевіч.
У Латвіі з 2024 году навучання дзяржаўная абарона стане ў школе абавязковым. Пакуль жа ўстановы адукацыі падаюць заяўкі на выкладанне прадмету. Як піша«Наша газета» цікавасць да такіх заняткаў расце.
Сёлета адукацыю па дзяржаўнай абароне атрымаюць вучні з 26 школ. У наступным годзе яго збіраюцца выкладаць у 41 школе.
Паводле інфармацыйнага рэсурсу школьнікі ўдзельнічаюць у тэарэтычных і практычных занятках. Іх вучаць, як дзейнічаць у крытычных сітуацыях, каб абараніць сябе, а таксама абыходзіцца са зброяй, паводзіцца ва ўмовах бою ды камунікаванню.
Удзел Даўгаўпілса ў еўрапейскай праграме энэргаэфэктыўнасці для абнаўлення інфраструктуры гарадскога асвятлення дазволіць істотна заашчадзіць бюджэт, настойвае кіраўнік Камітэту па гаспадарцы і развіццю думы Ігар Аляксееў. Па ягоных словах інвестыцыі дапамогуць абнавіць існуючыя сеткі асвятлення ды пракласці туды, дзе іх ніколі не было. Гораду пры гэтым адразу не трэба траціць сваіх сродкаў. Разлічвацца трэба будзе паступова за кошт эканоміі, удакладняе «Наша газета».
«Гэта крок амбітны, але цяпер нам трэба выкарыстоўваць усе магчымасці для паляпшэння гарадской інфраструктуры», – цытуе выданне чыноўніка. Паводле якога ў выніку праграмы заменяць старыя бляклыя свяцільнікі на сучасныя энергаашчадныя і больш зыркія.
У Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры паказваць карціны мясцовай мастачкі з беларускімі каранямі Вельты Лоце. У персальнай выставе «Подых вясны» дзясятак карцін класічнага жывапісу, адзначае выданне «Наш горад».
Вельта Лоце вядомая ў Даўгаўпілсе і за яе межамі мастачка-самвук. Яе выставы рэгулярна праводзяцца ў Беларускім доме. Для работ пейзажысткі не характэрныя пахмурныя, змрочны і цёмныя фары. Яна лічыць, што жывапісец заўжды робіць іх ярчэй, больш насычанымі і святлейшымі.
Каменскае, Украіна
(Пабрацім Бабруйску ад 2000 году. Горад абласнога падпарадкавання ў Днепрапятроўскай вобласці. Насельніцтва 250 тысяч чалавек. Паселішчы Днепрапятроўшчыны расейцы абстрэльваюць, але разбурэнняў такіх, як у прыфрантавых гарадах няма. Мясцовыя прадпрыемствы працуюць. Да вайны культурны абмен між гарадамі пабрацімамі бабруйскія чыноўнікі лічылі актыўным).
Бульба, яйкі, бабовыя, ёгурты, яблыкі, аўсянка, рыба і цытрусавыя, сайт гораду Каменскага «5692» апублікаваў спіс харчоў, якія дапамагаюць справіцца са стрэсам ва ўмовах вайны. Паводле выдання такі набор прадуктаў «ідэальны», бо імгненна засвойваецца арганізмам і іх практычна заўжды і ўсюды можна купіць.
Таксама «5692» дае парады , як вызначыць па гуку ракеты, варожыя самалёты і супрацьпаветраную абарону. Адзначаецца, што такія веды дададуць шанцаў выратаваць жыццё.
Мэр Каменскага Андрэй Белавусов падчас нацыянальнага тэлемарафону ахарактарызаваў сітуацыю ў горадзе, як стабільную. У Каменскім, паводле яго, больш за 4000 вымушаных перасяленцаў. Штодня прыбывае іх па некалькі сот. Частка выязджае на захад. Буйнейшыя прадпрыемствы, адзначае чыноўнік, не спыняюцца ўзмацняць абароназдольнасць краіны. Гараджане чуюць трывогу раз на дзень.
Выхаванцаў Каменскага спецыялізаванага Дому дзіцяці эвакуявалі ў Швейцарыю. Сярод 25 сірот ёсць дзеці з пэўным станам здароўя. Усім гадаванцам ад чатырох месяцаў да пяці гадоў. На сайце прэзідэнта Ўкраіны адзначана , што ў Швейцарыі дзятве будзе спакойна жыць і яны атрымаюць належны медычны прыгляд.
Клайпеда, Літва
(8 сакавіка 1997 году падпісаная дамова аб аднаўленні пабрацімскіх сувязяў літоўскага гораду з Магілёвам. Месціцца на захадзе краіны і з’яўляецца порт на Балтыйскім моры. Насельніцтва 160 тысяч чалавек).
У Клайпедзе ўрад Літвы зачыняе расейскае консульства, піша інтэрнэт-рэсурс Atvira Klaipėda. «З улікам агульнай неканструктыўнай ролі расейскай дыпламатычнай службы ў агрэсіі супраць Украіны», – цытуе выданне міністра замежных спраў Літвы Габрыэліуса Ландсбергіса.
Амбасадару Расеі ў Літве даручана пакінуць краіну, як адзначаецца, у «адказ на працяг вайсковай агрэсіі Расеі супраць суверэннай Украіны і зверствы расейскіх узброеных сіл у розных акупаваных украінскіх гарадах, уключаючы жорсткую бойню ў Бучы і іншых гарадах Украіны».
Габрава, Балгарія
(Найдаўнейшы пабрацім Магілёва. Дамова аб супрацоўніцтве была падпісана ў 1988 годзе. У 200-ым былі адноўленыя пабрацімскія сувязі. У Магілёве праспект названы Габраўскім. Адзін з рэстаранаў называецца Габрава. Габрава месціцца ў цэнтры краіны. Насельніцтва-55 тысяч чалавек. Ён лічыцца балгарскай сталіцай гумару. Ёсць у ім Дом гумару і сатыры. Ладзяцца фестывалі гумару).
У Балгарыі «Чырвоны крыж» за месяц сабраў украінцам 3,3 мільёна леваў (больш за 1,5 мільёна даляраў, 6tv.by). Інфармацыйнае агенцтва «Информо» адзначае , што большасць ахвярадаўцаў – пажылыя людзі. Акрамя таго, дадае выданне «Чырвоны крыж» накіраваў ва Ўкраіну 15 грузавікоў з больш, чым 220 тонамі гуманітарнай дапамогі.
фота: Суспільне Миколаїв