“Спроба пяра” – пад такім загалоўкам размясцілі кароткае відэа аператары дронаў украінскага падраздзялення BULAVA. У допісе гаворыцца, што вайскоўцы гэтага атраду праводзяць выпрабаванне дронаў, распрацаваных камандай “Дзікія шэршні”, здольных збіваць расійскія баявыя гелікоптэры. На відэа бачны пралёт аднаго з такіх верталётаў, зняты з украінскага дрона, а таксама размешчаны інтрыгоўны надпіс “Далі буде… Плани люблять тишу”.
Каментатары на канале галоўнага рэдактара выдання “Цензор.НЕТ” Юрыя Бутусава падзяліліся на два лагеры адносна падобнай навіны. Частка каментатараў абвінаваціла публікатараў відэа ў хайпе і маніпуляцыях. “Якая там проба пяра, звычайным дронам засеклі верталёт і што? – крытыкуе адзін з карыстальнікаў – Тыпу давайце выкладзем, скажам што ў нас сакрэтныя распрацоўкі і ўжо вось-вось пачнем верталёты збіваць, данацьце нам больш. Не варта так рабіць. Вы спачатку збейце, а потым ужо выкладвайце факты.”
Дрон проста знясе паветраным націскам ад верталёта – піша пераважная большасць скептычна настроеных каментатараў. Да таго ж, на паказаным відэа бачна, што здымка вялася са звычайнага квадракоптэра, які не толькі будзе адкінуты паветранай струёй, а ў прынцыпе не здолее дагнаць верталёт. “Можна яшчэ куляй у ствол танка стрэліць. – дабаўляе крытыкі іншы карыстальнік – Падчас перазарадкі можна боеўкладку падарваць.”
Іншыя каментатары дапускаюць тэхнічную магчымасць наносіць удары па верталётах з дронаў. Напрыклад, яны пішуць, што “дастаткова таннага рэактыўнага рухавіка для апошняй дыстанцыі. У цэлым, робіцца на каленках. Галоўнае, каб дрон у рэжыме аператара мэту захапіў і быў або вышэй верталёта, або на той жа вышыні. Тады ўжо можна сістэму саманавядзення ўключаць. Мяркуючы па відэа – рэактыўнаму рухавіку дрона трэба будзе секунд 5-7, каб выбіць верталёт.”
Таксама ў каментарах нагадваюць, што ўжо распрацаваныя недарагія звышхуткасныя дроны, здольныя дасягаць паказчыка больш за 400 кіламетраў у гадзіну. Так, самы хуткі ў свеце дрон лётае з хуткасцю ў 414 км/г і каштуе ўсяго 400$ – піша focus.ua.
Фота ілюстрацыйнае, з адкрытых крыніц