Адпаведны сацыяльны стандарт ёсць, але асвятлення па вёсках Магілёўскага рэгіёна няма, як і няма на яго грошай.
У вёсках шматлікіх сельскіх саветаў Магілёўшчыны летам – з 1 чэрвеня па 31 жніўня – цалкам адсутнічае асвятленне вуліц у вячэрні і начны час, паведамляюць мясцовыя жыхары, чытачы mogilev.media. Такая сітуацыя паўтараецца з года ў год і, верагодна, прымае сістэматычны характар.
Пры зваротах на “гарачую лінію”, у дыспетчарскія службы, у арганізацыях райэнэрга нам сказалі, што адключэнне вулічнага асвятлення ноччу – не іх ініцыятыва, а рашэнне мясцовых уладаў. Сельскія выканкамы пры гэтым падцвярджаюць факт прыняцця такога рашэння.
Пра падобную сітуацыю, толькі на тэрыторыі Лагойскага раёна, яшчэ тры гады назад пісала “Звязда”. Газета тады паведамляла, што летам адключалі вулічнае асвятленне дзеля эканоміі сродкаў па рашэнні райвыканкама. Але рашэнне ўлады было прызнана Генеральнай пракуратурай парушэннем заканадаўства.
Як паведамляла пракуратура, у выніку адключэння асвятлення эканомія была нязначная – у Мінскім раёне, напрыклад, удалося сэканоміць толькі 6,2% ад фактычных затрат.
Разам з тым, такая сітуацыя з асвятленнем негатыўным чынам паўплывае на крымінагенную абстаноўку, колькасць правапарушэнняў. Нязначная эканомія сродкаў непараўнальная з затратамі на раскрыццё правапарушэнняў і злачынстваў, лячэнне і рэабілітацыю пацярпелых, кампенсацыю страт у сувязі з атрыманымі грамадзянамі траўмамі.
Наконт эканоміі спецыялісты падказваюць іншае выйсце: калі фінансавання на асвятленне вуліц не хапае, неабходна распрацаваць і зацвердзіць праграму па эканоміі, а недахоп сродкаў перакрываць за кошт дзейных мерапрыемстваў па эканоміі энергазатрат, а не элементарнага адключэння. Гэта прамы абавязак сельвыканкамаў – арганізаваць асвятленне вуліц, што дакладна прапісана ў артыкуле 43 Закона “Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь”.
Нагадаем, што ў краіне дзейнічаюць пэўныя мінімальныя дзяржаўныя стандарты, да якіх адносіцца і ўдзельная вага асветленых вуліц – не менш як 80% ад агульнай колькасці іх у населеным пункце.
Фота з адкрытых крыніц.